У гродзенскі “Рамбудаўтадар” купілі сучаснае абсталяванне кітайскай вытворчасці для здымання дарожнага пакрыцця.
Фрэза зроблена “па тэхналогіі самых прасунутых фірм Германіі і Швецыі”, піша канал газеты “Перспектыва”. Мадэль фрэзы не ўдакладняюць, але адзначаюць, што пакупка дарагая.
Раней такой тэхнікі не было ні ў адной спецыялізаванай дарожнай арганізацыі Гродна і Гродзенскага раёна. Для правядзення работ яе бралі ў арэнду ў Мінску і іншых гарадах. КУП “Гроднааблдарбуд” наймала такую фрэзу таксама для пракладкі дарогі ў бок Аўгустоўскага канала.
Рамонт дарог у Гродне стрымліваўся, бо ўчасткі магістраляў трэба спачатку адфрэзаваць, вывезці гранулят, і толькі потым наносіць новае дарожнае палатно. Новая тэхніка дапаможа «Рэмбудаўтадар» паскорыць добраўпарадкаванне горада і рамонт магістраляў і дарог, якія пацярпелі ад непагадзі.
Якую яшчэ тэхніку купляюць для горада?
У верасні ва УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна з’явілася шматфункцыянальная газонакасілка. Мадэль, набытая для Гродна, падобная да CAIMAN Comodo Max 2WD HD 107D2K2. На сайце вытворцы такая каштуе больш за $13,8 тыс.
Таксама ў горадзе нарэшце з’явіўся падводны пыласмок. З яго дапамогай будуць чысціць фантаны ад смецця. Раней гэта рабілі ўручную, на кожны фантан ішло да пяці дзён. Гродзенцаў здзівіла, што пыласмок купілі толькі зараз: на ozon.by ён каштуе 200-300 рублёў.



