Новую амбулаторыю абяцаюць адкрыць на Фолюшы 6 лістапада. Яна разлічана на 70 наведванняў за змену.
Новая амбулаторыя дазволіць разгрузіць Цэнтральную гарадскую паліклініку і павысіць даступнасць медыцынскай дапамогі для жыхароў Фолюша, расказалі ў гарвыканкаме.
Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель разам з галоўным ўрачом Цэнтральнай паліклінікі Аляксандрам Раманчуком агледзелі новыя памяшканні, якія ўжо гатовы да прыёму пацыентаў. У амбулаторыі будуць працаваць больш за 30 медработнікаў, уся мэбля і абсталяванне ўжо закупленыя.



Пра планы на будаўніцтва гэтай амбулаторыі паведамілі ў 2023 годзе.
У горадзе плануюць прадоўжыць будаўніцтва амбулаторый, каб забяспечыць жыхароў мікрараёнаў медыцынскай дапамогай у крокавай даступнасці.
Зараз у Гродне працуе 8 паліклінік і некалькі амбулаторый:
- амбулаторыя гарадской паліклінікі № 7 на Грыгаровіча, 15 (пасёлак Паўднёвы);
- амбулаторыя дзіцячай паліклінікі № 2 на Агінскага, 15;
- дзіцячая амбулаторыя на Саяпіна, 10;
- амбулаторыя на вул. Цэнтральная, 7;
- амбулаторыя дзіцячай цэнтральнай клінічнай паліклінікі на Славінскага, 5;
- педыятрычнае аддзяленне на Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 12.