Плошча Зялёнкі скарачаецца — у кар’ер рэгулярна звозяць грунт, а замест вады з’яўляецца роўная пясчаная пляцоўка. Магчыма, у будучыні яе засадзяць лесам. Але пакуль тэрыторыя вакол кар’ераў забруджана будаўнічым смеццем, а ў вадзе плаваюць пластыкавыя бутэлькі.
Амаль траціну кар’ераў ужо засыпалі
Акрамя пяску ў крэйдавых кар’ерах з’яўляецца і будаўнічае смецце. На беразе заўважаюць рэшткі бетону і дошак. Бытавыя адходы таксама трапляюць у кар’еры, а ў вадзе плаваюць пустыя бутэлькі.
Змяненні ў ландшафце кар’ераў сталі заўважнымі з 2018 года — іх можна адсачыць па спадарожнікавых здымках розных гадоў. Менавіта тады паступова пачала з’яўляцца невялікая пясчаная «выспа», якая ў 2024 ужо заняла прыкладна траціну аднаго ў кар’ераў.
Ніжэй на здымках са спадарожніка можна прасачыць, як змяняліся кар’еры за апошнія 10 гадоў.







Чаму на кар’ерах з’яўляецца смецце
Рашэнне Гродзенскага гарвыканкама ад 30 красавіка 2009 года № 269 «Аб паўторным выкарыстанні адходаў будаўніцтва» дазваляла рэкультываваць крэйдавыя кар’еры. Але працы адбываліся толькі на паперы. Штуршком да актывізацыі стаў няшчасны выпадак — у 2014 годзе на кар’ерах патанула дзяўчынка. Яшчэ адзін падлетак патануў на кар’ерах у 2017.
Пасля гэтага на Зялёнку сталі актыўней звазіць грунт з будаўнічых пляцовак. Кар’еры вырашылі засыпаць да таго часу, пакуль вада не перастала б выходзіць на паверхню.
Да 2018 года туды вывезлі больш за 30 тысяч тон грунту, а пасля працы яшчэ больш актывізаваліся. Да 2023 водная паверхня Сінькі зменшылася амаль напалову. Разам з грунтам у ваду трапляла і шмат будаўнічага і бытавога смецця.




Летась кар’еры нарэшце пачалі чысціць ад смецця — супрацоўнікі Дзяржкантролю высветлілі, што абласныя прыродаахоўныя службы і ЖКГ доўгі час ігнаравалі гэтую праблему. Але праз год смецця ля кар’ераў зноў шмат.
Глядзіце таксама: Як выглядаюць гродзенскія кар’еры з вышыні (+відэа з дрона)