Крэйдавыя кар’еры ў Гродне засыпаюць бытавым смеццем. Начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Палякоў кажа, што гэта грубае парушэнне і вінаватых трэба караць.

«Мы ўжо распачалі меры і ўсё прыбралі, — распавядае Вадзім Палякоў. — Магчыма хтосьці праехаў міма шлагбаўма з боку вуліцы Санаторнай і вывез сваё смецце на кар’еры. Гэта парушэнне.

Па рашэнні Гродзенскага гарвыканкама кар’еры можна засыпаць толькі грунтам. Усё гэта ўзгоднена і гэты працэс наладжаны. Хто вывозіў смецце — цяпер цяжка вызначыць. Нам патрэбныя фатаграфіі не смецця, а парушальнікаў, каб мы ведалі канкрэтна каго караць.

А так фатаграфіі смецця дасылаюць нам пастаянна. Калі хтосьці забруджвае навакольнае асяроддзе і парушае закон — мы строга караем".

За пакінутае смецце ў неналежным месцы парушальнікам пагражае штраф ад 5 базавых велічынь.

Гарадскія камунальныя службы ўжо перакапалі магчымы ўезд парушальнікаў на тэрыторыю кар’ераў і будуць кантраляваць тэрыторыю яшчэ лепш.

Нагадаем, што яшчэ з 2009 года Гродзенскі гарвыканкам даў дазвал засыпаць крэйдавыя кар’еры будаўнічым смеццем — грунтам. У межах рэкультывацыі іх будуць засыпаць, пакуль вада не перастане выходзіць на паверхню. Вада гэтых адпрацаваных кар’ераў непрыдатная для купання, кажуць эколагі. А будаўнічае смецце падзець няма куды. Да нядаўняга часу яго вывозілі за 30 кіламетраў, таму вырашылі зэканоміць. На месцы засыпаных кар’ераў могуць пасадзіць лес.