У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Азёры” пад Гроднам пасля абнаўлення адкрылі вузкакалейны чыгуначны турыстычны маршрут – экасцежку “Запаведны шлях”.

Гэты маршрут вузкакалейкі адзіны ў Беларусі праходзіць праз асабліва ахоўныя тэрыторыі. Яго даўжыня – 10 км, на паездку ў два бакі сыходзіць 2,5-3 гадзіны. Вузкакалейная дарога пралягае праз лясныя балоты, дубровы і лугі, дзе жывуць рэдкія віды жывёл і птушак, і вядзе на Святое балота.
Дрэзіна развівае хуткасць да 20 км/г у залежнасці ад участку дарогі.

Падрабязней пра маршрут: На дрызіне з выглядам на мачтавыя хвоі: як патрапіць на экскурсію па вузкакалейцы ў заказніку «Азёры»

Пасля мадэрнізацыі на папулярным маршруце з’явіліся стэнды з QR-кодамі і інфармацыяй аб гісторыі фармавання ландшафту і мясцовых прыродных славутасцях. Дзякуючы абсталяваным платформам на прыпынках нават вялікі паток турыстаў паўплывае на навакольнае асяроддзе мінімальна.

Чыгуначны дзевяціпралётны мост, па якім праходзіць маршрут амаль у самым яго пачатку, з’яўляецца адзіным у Беларусі, перакінутым праз возера, і другім у краіне па працягласці.

Колькі каштуе?

Кошт экскурсіі – 50 руб. з чалавека. Для дзяцей 6-12 гадоў (у суправаджэнні дарослых) – 25 руб. Дзяцей менш за 6 гадоў на экскурсію не дапусцяць, удакладняе AutoGrodno.

Паездкі на дразіне праходзяць 2 разы на дзень у 11:00 і ў 14:00. Мінімальная колькасць чалавек, каб экскурсія адбылася – 8, максімальная магчымая – 20.

Выратаваная вузкакалейка торфазавода

Маршрут з’явіўся яшчэ ў 2022 годзе. Тады вузкакалейную дарогу, пабудаваную ў 1955 годзе для ліквідаванага торфапрадпрыемства «Верцялішкі», перааформілі на заказнік. Частку дарогі ў працоўным стане захавалі.

Зараз экалагічны маршрут “Запаведны шлях” мадэрнізавалі ў межах праекта “Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту” з Праграмы развіцця ААН (ПРААН), у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, пры фінансаванні з Расіі.

У далейшых планах – стварыць турыстычны кластар з гасцініцай, дзе турысты маглі б спыніцца, домам культуры, які мог бы паказаць сваю праграму, падзяліўся першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут на ТРК “Гродна”.