Будынак на Урыцкага, 21 чакае дэмантаж. Пасля яго збудуюць нанова і дададуць прыбудову з боку двара.
Пра намер дэмантаваць будынак сказана ў справаздачы па ацэнцы ўплыва на навакольнае асяроддзе, звярнуў увагу канал Urban Hrodna. Пасля яго ўзвядуць нанова. У будынку плануюць размясціць аб’ект шматфункцыянальнага прызначэння.
Перад гэтым хочуць зрабіць:
- дэмантаж і разборку будынка, згодна з вынікамі абследавання;
- дэмантаж падмуркаў (незразумела, цалкам ці часткова);
- дэмантаж унутраных сцен і перагародак;
- дэмантаж і мантаж даху;
- прабіўку і закладку праёмаў;
- узвядзенне вонкавых і ўнутраных сцен, перагародак;
- уладкаванне ўваходных груп;
- частковую замену і ўстаноўку вокнаў і дзвярэй;
- вонкавае аздабленне будынка;
- унутранае аздабленне памяшканняў.
Пасля гэтага там з’явяцца кабінеты, офісная прастора, тэхнічныя памяшканні, санвузлы.
Будынак будзе трохпавярховым, у задняй частцы дададуць прыбудову.
Будынак з’яўляецца гістарычнай асяроддзевай забудовай, знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Гродна». Дом стаіць усутыч да дызайн-гатэля па Урыцкага, 23. Той будынак меў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, яго цалкам разабралі і ўзвялі наноў.
Замоўца дзейнасці - прыватнае сэрвіснае УП «Расцэнтркам 2018». Асноўная дзейнасць — здача ў наём нерухомасці. Кампанія рыхтавала дом да рэканструкцыі яшчэ ў 2019 г. Там планавалі зрабіць гандлёва-адміністрацыйны аб’ект.
Гісторыя будынка
Будынак ўзведзены ў 1885 годзе ў стылі эклектыкі. Верагодна, дом Клемпнера (паводле даведніка «Біяграфія гарадзенскіх вуліц»). У 1944 годзе правую частку будынка перадалі аўтаінспекцыі, у іншай частцы на першым паверсе размясцілі кантору «Облкоопинсоюза». Дом ужо хацелі зруйнаваць у 2007 годзе, але тады не змаглі прадаць участак, на якім ён стаіць.
Пачалося грамадскае абмеркаванне
Грамадскае абмеркаванне справаздачы АУНА пройдзе з 18 верасня па 18 кастрычніка. Заўвагі і прапановы прымаюць:
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт (пл. Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна; e-mail: gorisp@gorod.grodno.by. Кантактная асоба: начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзяніс Рамановіч Конан, (80 152)62−69−93, e-mail: arhitektura@gorod.grodno.by);
- ТАА «Элка»; кантактная асоба: тэхнічны дырэктар Яўгенія Уладзіміраўна Серавокая, +375(33)3253814, gap@elkogrodno.by.
Грамадскія слуханні пройдуць толькі ў выпадку атрымання заявы пра іх неабходнасць. Заяву можна даслаць у гарвыканкам не пазней чым праз 10 працоўных дзён ад пачатку грамадскага абмеркавання. Заяву пра намер правесці грамадскую экалагічную экспертызу трэба накіроўваць ў той жа тэрмін у «Расцэнтркам 2018» на імя дырэктара Аляксея Радчанкі, тэл. +375(29)7803580, e-mail: roscentrkom@gmail.com.
Чытайце таксама: Ушчыльненне цэнтра Гродна: на Урыцкага з’явіцца новы будынак. Што там будзе?