Рэканструкцыю воінскага пахавання на Фолюшы на месцы лагера «Шталаг 324» запланавалі ў Гродне. Для пачатку правядуць перадпраектныя і праектныя работы. Рэканструкцыя заключаецца ва ўсталёўцы гранітных пліт з нанясеннем гравіроўкі і аднаўленні існуючых пакрыццяў.
Таксама паглядзяць, ці трэба перабудоўваць інжынерныя камунікацыі. Пры добраўпарадкаванні тэрыторыю зробяць даступнай для людзей з інваліднасцю і фізічна аслабленых асоб.
Гродзенская гарадская ЖКГ размясціў заяўку, каб вывучыць кан’юнктуру рынку. Максімальна на праектныя работы гатовыя выдаткаваць 13 849,42 рублёў з гарадскога бюджэту. Зрабіць іх павінны да канца кастрычніка. А на само будаўніцтва вылучаюць 240 000 рублёў.
Воінскае пахаванне знаходзіцца побач са скрыжаваннем вуліц Соламавай і Фолюш. У 2023 годзе адміністрацыя Кастрычніцкага раёна Гродна збірала сярод гродзенцаў ідэі па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу.
Што такое «Шталаг 324»
«Шталаг 324» у Гродне — былы лагер ваеннапалонных плошчай 50 га. Існаваў з 1941 па 1943 гг. Там загінулі або былі расстраляныя больш за 15 тыс. чалавек ваеннапалонных і мірных жыхароў. Усяго праз яго прайшлі каля 36 тыс. чалавек.
У 1968 годзе на месцы лагера на вул. Соламавай усталявалі стэлу. Блізу яе ў брацкіх магілах хавалі парэшткі забітых, знойдзеныя падчас будаўнічых работ у былой вайсковай частцы.