У рэспубліканскім банку вакансій у Гродзенскай вобласці зарэгістравана 20 125 вакансій, з іх 6 908 – у Гродне. А яшчэ паўтара гады таму – у сакавіку 2023 года – у Гродне было адкрыта ўдвая менш вакансій – усяго 3 446.
Попыт на работнікаў працоўных прафесій на пачатак верасня 2024 года склаў 64% ад агульнай колькасці прапаноў працы, піша БелТА са спасылкай на камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама.
Больш за ўсё, пасля Гродна, зараз адкрыта вакансій у Лідскім раёне – 2219, на трэцім месцы Ваўкавыскі раён з 1431 вакансіямі. Менш за ўсё месцаў гатовы прапанаваць у Свіслацкім раёне – 302.
Яшчэ ў пачатку верасня 2024 года было крыху менш даступных вакансій – больш за 19,8 тысячы. Гэта на 15, 5% больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, паведамілі ў камітэце занятасці. З іх у Гродне працадаўцы прапаноўвалі больш за 7 тысяч працоўных месцаў. Другім па колькасці прапаноў ішоў Лідскі раён – там было больш за 2,1 тысячы вакансій.
Прапаноў ад суіскальнікаў працы, зарэгістраваных у рэспубліканскім банку вакансій па Гродзенскай вобласці, у 13 разоў менш – 1509. З іх 992 – у Гродне. Усяго ў Беларусі зарэгістравана 13142 рэзюмэ суіскальнікаў.
У пачатку лета колькасць вакансій у Беларусі абнавіла гістарычны максімум і дасягнула 3,8% ад працуючага насельніцтва.
Чытайце таксама: «Вольнае валоданне літоўскай, англійскай, польскай, нямецкай». ТОП-5 самых аплатных вакансій Гродзенскай вобласці



