Дэкаратарка з Гродна Таццяна Якіменка сустрэлася са старшынёй Гродзенскага гарвыканкама Андрэем Хмелем і прапанавала выдзеліць у горадзе прамзону ці будынак пад арт-прастору. Што адказаў чыноўнік, Таццяна распавяла на сваёй старонцы ў Facebook.

«Магчыма, калісьці»

Таццяна прапанавала вылучыць прамзону або пусты будынак пад арт-прастору, каб у Гродне стала больш даступнага мастацтва, а кожны жадаючы мог прынесці туды свае работы. «Любы творчы чалавек: няважна, дзіцёнак ці дарослы. У тым ліку без мастацкай адукацыі», — напісала Таццяна.

Дэкаратарка марыць, што наведвальнікі арт-прасторы змаглі б набываць карціны, якія ім спадабаліся.

«Выслухалі, падтрымалі. Прыемна. Магчыма, калісьці…», — падзялілася ўражаннямі ад размовы з кіраўніком горада Таццяна. 

Не адмовяць, але адкрыць галерэю не дадуць 

Гродзенская фотажурналістка Наталля Дораш выказалася пра ініцыятыву ў каментарыях. Яна лічыць, што ніякая прыватная арт-прастора ў горадзе не з’явіцца.

«Наўпрост не адмовяць, але не дадуць адкрыць галерэю для вольнага мастацтва. Падлічы, колькі выставачных пляцовак за апошнія гады былі ўладамі зачынены», – звярнулася яна да Таццяны.

Сярод мастацкіх пляцовак, якія закрыліся за апошнія гады, Дораш пералічвае найстарэйшую прыватную галерэю ў Гродне «У майстра» і галерэю «Крыга». Праўда, сёлета “У майстра” адкрылася зноў – як фірмовая крама брэнда “Макей”.

«А дзяржаўныя [галерэі] ажыццяўляюць строгі адбор аўтараў, якія абавязаны прайсці цэнзуру дзяржчыноўнікаў аддзела культуры гарвыканкама. Так што справу дохлую ты задумала», — падсумавала Дораш. 

Гродна – адзіны абласны цэнтр у краіне, дзе дагэтуль няма мастацкага музея 

У 2019 годзе гродзенскія мастакі, дызайнеры і мастацтвазнаўцы праводзілі кампанію, каб улады перадалі пад мастацкі музей будынак былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў. Асноўным аргументам было тое, што Гродна – адзіны ў Беларусі абласны цэнтр, дзе такога музея няма. Але ініцыятыву мясцовыя ўлады не падтрымалі.

Зараз арганізаваць буйную выстаўку ў горадзе менавіта ў галерэі амаль немагчыма. Мясцовыя мастакі часта выстаўляюцца ў барах і кавярнях, а творцы, якія працуюць у жанры манументалізму, увогуле не могуць прадэманстраваць свае работы.