Вуліца ў гонар пісьменніцы і паэткі Лідзіі Ялоўчык у бліжэйшы час у Гродне не з’явіцца. У адказ на зварот аб наданні адной з вуліц яе імя, Гродзенскі гарвыканкам паведаміў, што ўнёс звесткі аб Ялоўчык у Банк дадзеных.
Адказ на петыцыю, дасланую праз рэсурс e-petitions.by, прыйшоў 10 верасня. У ім намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша паведаміла, што «звесткі аб Ялоўчык Лідзіі Парамонаўне ўнесены ў Банк дадзеных для надання найменняў элементам вулічна-дарожнай сеткі Гродна».
Абскардзіць рашэнне гарвыканкама можна ў Гродзенскім аблвыканкаме.
Зоя Кулеша — спецыялістка па адказах на петыцыі
Раней Зоя Кулеша таксама адказвала на розныя звароты гродзенцаў. Сярод іх:
- зварот пра зніклую шыльду паўстанцам 1863 года на гродзенскім вакзале,
- зварот пра зніклую шыльду ў гонар Касцюшкі на Новым замку,
- прапанова паставіць у Гродне помнік Быкаву.
Аб чым пісала Лідзія Ялоўчык
Петыцыя з прапановай назваць адну з вуліц Гродна ў гонар Лідзіі Ялоўчык з’явілася 13 жніўня. Аўтары петыцыі лічылі, што Ялоўчык — «адна з выбітных жанчын», а яе імя «варта ўвекавечыць на мапе Гродна».
Лідзія Ялоўчык паходзіла з Ваўкавыскага раёна, вучылася ў Гродне, друкавалася ў прэсе з 1939 года. У сваёй творчасці яна шмат увагі надавала заходнебеларускай моладзі і рэчаіснасці падлеткаў у ваенныя часы. З 1993 года ўваходзіла ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, але ў той час ужо амаль перастала друкавацца — ёй не хапала грошаў на выданне кніг.