У польскіх візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці атрымаць працоўную візу прасцей, чым у Мінскай або Брэсцкай абласцях. Дзеля польскага шэнгену беларусы змяняюць сваю прапіску на гродзенскую – і нават гатовыя плаціць за гэта грошы. На тэндэнцыю звярнула ўвагу “Люстэрка”. 

Сэнс рабіць гродзенскую прапіску – ёсць

Беларусы адзначаюць, што ў Брэсцкай і Мінскай абласцях візавыя цэнтры загружаны – падаць дакументы на любы з тыпаў віз праблематычна. У Гродзенскай вобласці па-ранейшаму складана з “акенцамі” на турыстычныя візы, аднак для іншых тыпаў шэнгену вольных слотаў болей. У Telegram-чатах многія пытаюцца, ці ёсць сэнс рабіць прапіску ў Гродне ці Брэсце, каб “злавіць” дату на падачу. Ім адказваюць, што сэнс ёсць.

Знайшоў аб’яву аб рэгістрацыі і ўжо на наступны дзень быў у Гродне

Арцёму трэба было атрымаць польскую працоўную візу, але запісацца на падачу дакументаў па месцы жыхарства ў яго не атрымлівалася. Мужчына звярнуў увагу, што ў Гродне “былі вольныя слоты, якія віселі дастаткова доўга”.

На «Куфары» мужчына адшукаў аб’явы аб рэгістрацыі і звязаўся з іх аўтарамі. “На наступны дзень я ўжо быў у Гродне, прапіску зрабілі за паўгадзіны. Мне ўсё абышлося ў 150 рублёў, плюс білеты туды і назад”.

Чытайце таксама: Змяніліся правілы падачы на польскую візу

У некаторых выпадках прыйдзецца заплаціць яшчэ і задатак

Hrodna.life знайшоў на «Куфары» чатыры актуальныя аб’явы аб рэгістрацыі ў Гродне. Праўда, адна з іх тычыцца прапіскі іншаземных грамадзян. Кошты на паслугі вагаюцца ад 80 да 100 рублёў.

Карыстальнік Віталь у сваёй аб’яве адкрыта піша, што рэгістрацыя прызначана для атрымання польскай візы. “Прапіска 99 рублёў у месяц, тэрмін не менш за шэсць месяцаў”. Віталь патрабуе аднаразовую аплату за ўвесь перыяд і 300 рублёў у якасці задатку “на выпіску”.

Карыстальніца Вераніка шукае таго, хто гатовы прапісаць яе ў Гродзенскай вобласці для падачы на візу. Колькі дзяўчына гатова заплаціць за паслугі – невядома.