Рух на мосце праз Юрысдыку абмяжуюць, мост на Ласасянцы рэканструююць, а мікрараён Грандзічы злучаць з вуліцай Дзяржынскага. Аб запланаваных дарожных работах і тэрмінах іх выканання расказаў на прэс-канферэнцыі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Рэканструкцыю моста праз Ласасянку пачнуць у 2025 годзе

У спіс найбольш праблемных дарожных участкаў у Гродне трапіў двухпалосны мост праз Ласасянку паміж вуліцамі Ткацкай і Савецкіх пагранічнікаў. Ён мае патрэбу ў рэканструкцыі. Па словах Караніка, на час рамонту побач пабудуюць яшчэ адзін мост, які часова возьме на сябе дарожны паток.

«Пасля чаго будзе рэканструяваны існуючы і мы атрымаем нармальныя чатыры паласы, якія на выхадзе з горада дазволяць забяспечыць патрэбнасці жыхароў», – адзначыў кіраўнік вобласці.

Другая праблема, якую мясцовыя ўлады плануюць вырашыць “у кароткатэрміновай перспектыве” – адрэзак дарогі ад кальца каля Паўднёвага рынку да Альшанкі. Рамонт дарожнага пакрыцця не вырашыў галоўнай праблемы – недастатковая шырыня і нізкая прапускная здольнасць.

Каранік адзначыў, што работы на абодвух праблемных участках пачнуцца “ў любым выпадку ў наступным годзе”. Аднак на вырашэнне пытання з мостам праз Ласасянку “магчыма, крыху больш часу патрабуецца”.

Падчас прэс-канферэнцыі абмяркоўвалі і мост праз Юрысдыку, які злучае плошчу Тызенгаўза і вуліцу Мітрапаліта Філарэта. Каранік падкрэсліў, што “на жаль, без перакрыцця руху і рэканструкцыі моста – не атрымаецца”. Таму гродзенцы павінны падрыхтавацца да часовых нязручнасцей.

Мост праз Юрысдыку. Фота: autogrodno.by
Мост праз Юрысдыку. Фота: autogrodno.by

Грандзічы злучаць з вуліцай Дзяржынскага

Ёсць у Гродне і два дарожныя ўчасткі, якія пакуль знаходзяцца ў перадпраектнай стадыі – гэта значыць, што ў бліжэйшы год праекты не рэалізуюць.

Абмяркоўваецца падаўжэнне вуліцы Мясніцкай: яе плануюць закальцаваць альбо з вуліцай Дамброўскага, альбо з вуліцай Багуцкага.

Другі праект на стадыі распрацоўкі – будаўніцтва дарогі, якая звяжа мікрараён Грандзічы з вуліцай Дзяржынскага.

У Гродне будзе пяты мост праз Нёман – праўда, гадоў праз дзесяць

Пяты мост у Гродне ўсё ж такі спатрэбіцца – такі вынік зрабілі эксперты. Пакуль няма адзінага разумення, дзе ён будзе знаходзіцца. “Лічыцца, што гэта перспектыва не бліжэйшых дзесяці гадоў”, – адзначыў Каранік.

Па тэме: «Збіралі грошы са ўсёй краіны». У Гродне нарэшце адкрылі чацвёрты мост праз Нёман