Дэкараваць агароджы петуніямі кіраўніцтва Гродна вырашыла пасля візіту ў кітайскі горад Гуанчжоу летась. Там гродзенскія чыноўнікі ўбачылі «сапраўдную кветкавую эйфарыю», расказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
Пасля паездкі ў Кітай Андрэй Хмель прапанаваў кіраўніку Гродзенскай вобласці Уладзіміру Караніку паспрабаваць зрабіць такое ў Гродне. Гэта аказалася няпроста, бо адпрацаванай тэхналогіі не было, расказаў Хмель «Гродзенскай праўдзе».
Кветкавыя сцены з петуній у Гродне ўладкавалі на агароджы парку Жылібера і на Старым мосце. Каб кветкі не загінулі летам, у канструкцыю з кветкавых скрынак устанавілі сістэму кропельнага паліву.


Чаму з’явіліся праблемы
Для рэалізацыі ідэі трэба было ўсё старанна прадумаць і пралічыць: капёжнае паліванне, угнаенні, падбор кветак, замену іх па сезоне і многае іншае. Для працы над ідэяй і цэласнасцю кампазіцыі не хапіла часу, растлумачыў кіраўнік горада.
Ужо рыхтуюцца да наступнага года
Тым не менш, ад ідэі не адмовіліся. Ужо ёсць эскізы кветкавых кампазіцый, якія з’явяцца ў Гродне ў наступным годзе. У кастрычніку-снежні пачнуць рыхтаваць расаду ў цяпліцах, каб потым высаджваць пэўныя кветкі пад пэўныя архітэктурныя формы.
Пры гэтым экзатычныя віды ў Гродне высаджваць не плануюць. «Многія расліны бываюць інвазіўнымі, пасля яны не вельмі добра ўплываюць на нашы традыцыйныя дрэвы і хмызнякі. Бяздумна высаджваючы іх, можна толькі нашкодзіць, а не прынесці карысць». Экзатычныя расліны павінны расці ў спецыяльных парках і адведзеных для гэтага месцах, лічыць Хмель. У Гродне такім месцам ён назваў парк Жылібера.
Нешта пайшло не так
З кветкамі на Старым мосце з’явіліся праблемы: праз моцны вецер улетку пацярпелі кветкі на адным з бакоў моста. Нядаўна частку засохлых петуній прыбралі з агароджы. Замест іх парэнчы закрылі штучным пластыкавым газонам. У часці кветкавых скрынь стаяць кволыя бягоніі, частка ўжо пустых скрынь закрылі вузкай паласой туй. Гродзенцы ў сацсетках адзначылі, што такую пластыкавую зялёную траўку ўкладваюць на могілкі каля магіл, і прадказалі гібель туям.

