«Сцяна з кветак» на Старым мосце змяняе выгляд. Частку засохлых пасля летняй непагадзі петуній прыбралі з агароджы моста. Замест іх парэнчы закрываюць штучным пластыкавым газонам.
У частцы скрынак зараз стаяць кволыя бегоніі. Частку ўжо пустых кветкавых скрынак закрылі вузкай паласой туі, а ўнізе паласой ва ўсю вышыню парэнчаў раскатаны штучны газон. Фота і відэа стану «азелянення» апублікавала ў Instagram карыстальніца vid_grodno.



«Каму прыйшла ў галаву „геніяльная“ ідэя завялыя кветкі замяніць пластыкавай зялёнай траўкай, якую ўсталёўваюць на могілках каля магіл?», — пытае аўтарка паста ў апісанні. Яе падпісантка выказалася, што праязджаючы па мосце, яна больш любіла глядзець на Нёман і на захад сонца, а не на «высахлыя, палыселыя кветкі». «На зіму мішурой зацягнуць, альтэрнатывы та няма». «Туі таксама здохнуць», — перакананая іншая каментатарка паста.
Кветкі сапсаваліся яшчэ ў ліпені
Частка кветкавай сцяны з петуній, якую зрабілі сёлета на Старым мосце, змарнела, нягледзячы на сістэму кроплевага паліву. Моцны вецер у канцы ліпеня павыварочваў гаршкі з кветкамі па адным боку моста, і многія петуніі ў выніку высахлі і загінулі. «Гродназелянбуд» спрабаваў выратаваць, што магчыма, а загінулыя кветкі замяніць. Праўда, тады аказалася, што… на базе скончыліся кветкі.

Такі ж кветкавы плот у гэтым годзе зрабілі і каля парка Жылібера.
«Могілкавая» трава злавала гродзенцаў і раней
У 2020 годзе да 14 лютага ў парку Жылібера з’явіўся раяль, пакрыты такім штучным газонам, і лавачка пры ім. Раяль усталяваў смеццесартавальны завод, які ў 2018 годзе паставіў у цэнтры Гродна сметніцы ў выглядзе джэнтльменаў і дам з сабачкамі. У ім былі датчыкі руху, якія рэагавалі, калі да прылады падыходзілі людзі. Спачатку там граў Стас Міхайлаў, потым — Бетховен. Людзі крытыкавалі дызайн раяля і казалі, што ён выклікае ў іх пахавальныя асацыяцыі. Актывісты збіралі подпісы, каб прыбраць раяль з парку Жылібера. Яны нават запісваліся на прыём да старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя. Той адразу іх прыняў, выслухаў і загадаў службам прыбраць раяль. Засталася толькі фарбаваная пад бронзу лавачка. Пазней раяль паставілі на тэрыторыі школы № 12.
