Недабудаваны гасцінічны комплекс прадаюць на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў 17/1. Раней на яго месцы знаходзіўся двухпавярховы дом, але яго знеслі ў 2022-2023 гадах, каб пабудаваць гатэль. Участак з фундаментам можна купіць за $120 000.

Што планавалі збудаваць 

Згодна з праектам, будынак будзе трохпавярховым з цокалем, плошчай 1562 кв.м.. На другім і трэцім паверсе павінны былі з’явіцца гасцінічныя нумары на 38 месцаў. Але папярэдні ўласнік паспеў пабудаваць толькі падмурак з бетонных блокаў і перакрыцце з жалезабетонных пліт. Да яго падведзены ўсе камунікацыі: ацяпленне, газ, вада, каналізацыя і электрычнасць.

Участак пад будаўніцтва гасцініцы на Савецкіх пагранічнікаў 17/1 у Гродне
Месца, дзе павінен з’явіцца гасцінічны комплекс. Фота: shoprealty.by

Гасцініцу планавалі ўвесці ў эксплуатацыю ў 2024 годзе. Заказчыкам будаўніцтва была гродзенская прадпрымальніца.

Што было раней на гэтым месцы

Раней на месцы недабудаванага гатэля стаяў двухпавярховы цагляны дом 1930–х гадоў — ён знаходзіўся ў аварыйным стане, у ім ніхто не жыў. Яго знеслі недзе паміж жніўнем 2022 і чэрвенем 2023 года. 

Суседні дом на Савецкіх пагранічнікаў 17 адрэстаўравалі: аднавілі цэглу і дах, замянілі вокны і зрабілі ганак. Зараз у будынку знаходзяцца кавярня «Mood», салон прыгажосці і крама кветак. 

Побач знаходзіцца даўно закінуты басейн “Лазурны”, які гарвыканкам паабяцаў рэканструяваць і адкрыць да 2025 года.