Жанчына хацела пазбавіцца лішняй вагі, таму вырашылася на барыятрычную аперацыю. Яе правялі ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы 21 жніўня. А ў ноч на 22 жніўня 42-гадовая пацыентка памерла, піша «Люстэрка» са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Прычыны смерці невядомыя. У жанчыны засталося малое дзіця.
Афіцыйна ні Мінздароўя, ні Следчы камітэт, ні пракуратура аб інцыдэнце не паведамлялі.
Такія аперацыі робяць толькі ў Гродне і Мінску
Паслугу, якая дазваляе пазбавіцца лішняй вагі, у Гродзенскай універсітэцкай клініцы пачалі рабіць у ліпені 2024 года. Гродна стаў другім горадам пасля Мінска, дзе заняліся такім напрамкам.
Аперацыю па барыятрычнай хірургіі робяць на страўнікава-кішачным тракце. Гэта дапамагае зменшыць колькасць калорый, якія спажывае чалавек, і паменшыць іх усмоктванне ў кішэчніку.
У клініцы робяць некалькі відаў барыятрычных аперацый. Пры любым метадзе чалавек можа пазбавіцца 40−90% лішняй вагі.