Будынкі былой адміністрацыі Ленінскага раёна ў Гродне чарговы раз выставілі на аўкцыён. Пачатковая цана аб’ектаў — амаль 4,2 млн рублёў. Гэта ў два разы менш за суму, якую прасілі за нерухомасць на першым аўкцыёне амаль год таму.

Будынкі патаннелі на 50%

Чарговы аўкцыён пройдзе 24 верасня 2024 года — лот паспрабуюць прадаць за 4,2 млн руб. Восенню 2023 будынкі былой адміністрацыі ацэньваліся ў 8,5 млн руб. Але тады пакупнік не знайшоўся.

Апошні аўкцыён адбыўся ў траўні 2024 года. Тады лот страціў у цане 40% — за яго прасілі 5,1 млн руб., але беспаспяхова.

Што за будынкі і дзе яны знаходзяцца

Трохпавярховыя будынкі былой адміністрацыі размяшчаюцца на вуліцы Савецкай, № 10 і № 14. Плошча аднаго памяшкання — амаль 1850 кв.м., другога — больш за 2300 кв.м. Там ёсць сутарэнні, праведзены камунікацыі, ёсць пляцоўка для смеццевых кантэйнераў. Тэрыторыя двара агароджана, ёсць дрэвы і пешаходныя сцежкі.

Будынак — гісторыка-культурная каштоўнасць. Таму падчас распрацоўкі праектнай дакументацыі трэба ўлічваць рэгламенты праекта зоны аховы, а праект узгадніць з Міністэрствам культуры.

Памяшканні планавалі здаваць у арэнду — пад гандаль ці грамадскае харчаванне.

Куды з’ехала адміністрацыя

У красавіку 2022 года адміністрацыя Ленінскага раёна Гродна з’ехала на новы адрас — Лермантава, 2. Раней там размяшчаўся Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама. Перанесці адміністрацыю з вуліцы Савецкай было адным з абяцанняў былога старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя.