Шматкватэрны жылы дом з выгадным размяшчэннем стане другой часткай забудовы на будучым працягу вуліцы Астроўскага. Ён з’явіцца ў раёне вуліц Ціміразева і 17 Верасня.

Плошча, якую вылучылі для будаўніцтва — 0,7123 га. Добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі зойме каля 0,22 га. Максімальная вышыня, якой можа быць будынак — не больш за 15 м (каля 5 паверхаў), піша канал Urban Hrodna.

Дом будзе размяшчацца каля жылых дамоў № 44а і № 46а па вул. 17 Верасня — акурат на будучым працягу вуліцы Астроўскага па іншы яе бок ад запланаванага новага мікрараёна на месцы пусткі.

На надзеле, прызначаным пад будаўніцтва жылога дома, зараз месцяцца капітальныя пабудовы па адрасе Ціміразева, 16А. Яны пойдуць пад знос. Страты на адвод зямельнага ўчастка яшчэ не падлічылі. Калі лічылі, колькі будзе каштаваць знос пабудоў на месцы мікрараёна на працягу Астроўскага, выявілася — даражэй за саму зямлю. У 2022 годзе яго ацанілі ў 2,8 млн рублёў.

Забудоўшчык зможа арандаваць зямельны надзел на 50 гадоў. Пачатковая цана — 113 327 руб. Даты аўкцыёну яшчэ не прызначылі.

Чытайце таксама: У цэнтры Гродна збудуюць гандлёвы цэнтр з азеляненнем на фасадах