Там павінен з’явіцца будынак грамадскага прызначэння — гандлёвы ці адміністрацыйны цэнтр, банк, грамадскае харчаванне, гатэль ці медцэнтр. Участак ужо спрабавалі прадаць увесну, а пустуе ён 15 гадоў.
На продаж паўторна выставілі права арэнды зямельнага ўчастка па вул. Будзёнага, 42−44. Плошча ўчастка — 0,5 га, пачатковая цана — 123 243 руб. ($ 39 тыс.). Участак можна арандаваць на 50 гадоў.
Пераможца таргоў зможа пабудаваць на ўчастку будынак — але не вышэй за максімальную адзнаку даху суседняга трохпавярховага будынка па Будзёнага, 46.
Забудоўшчык павінен будзе таксама добраўпарадкаваць блізкі бераг ракі Гараднічанка з боку ўчастка і працяг вуліцы Студэнцкая да скрыжавання з вуліцай Будзённага, уключна з праездам і ходнікамі.
Аўкцыён прызначаны на 10 верасня.
Французскі гатэль, які не пабудавалі
Пра планы на аукцыён паведамлялі год таму. Таргі збіраліся прызначыць на кастрычнік-лістапад 2023, але прайшлі яны толькі ў красавіку. Умовы былі такімі ж — і пакупнікоў не знайшлося.
Раней на гэтым месцы размяшчалася першая гродзенская электрастанцыя 1912 гадоў. Яе знеслі ў 2009 годзе, з тых часоў участак пуставаў, а праход ад вуліцы Студэнцкай да Будзёнага быў закрыты. У 2016—2017 гадах тагачасны старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой абяцаў пабудаваць на гэтым участку гатэль Ibis французскай кампаніі Accor hotels. Але праект так і не рэалізавалі. У лютым 2019 года прайшлі грамадскія абмеркаванні: там вырашылі пабудаваць офісны цэнтр, а ў перспектыве разглядалі будаўніцтва гасцініцы і студэнцкага інтэрната.