Прадаецца прасторная кватэра на шостым і сёмым паверхах у доме на вуліцы Паповіча, 48. Гэта адзіны ў Гродне пяціпавярховік з надбудаванымі пазней дадатковымі паверхамі. Кватэры на продаж з’яўляюцца там вельмі рэдка. Гэты варыянт спадабаецца тым, хто шануе сонечныя памяшканні і натуральныя матэрыялы ў аздабленні.
Па ўсёй кватэры (акрамя кухні) устаноўлены мансардныя вокны. Сама кухня даволі маленькая, усяго 4,3 кв.м, і падыдзе толькі для гатавання. З кухні ёсць выхад у вялікі пакой на першым паверсе. Прастора занаваная так, што частка яе — гэта сталовая, а частка — жылы пакой. Па фота відаць,
што там арганізавалі гасціную і пастараліся візуальна адгарадзіць яе ад сталовай крэслам.
На другім паверсе размешчаны дзве спальні, адна ў блакітным колеры, іншая — у ружовым. У ружовага пакоя ёсць выйсце ў асабістую ванную.








Падлогі драўляныя. З такога ж матэрыялу выканана лесвіца на другі ўзровень. Пад лесвіцай ёсць дзверы ў «пакой Гары Потэра». Верагодна, там знаходзіцца невялікая кладоўка. З такога натуральнага інтэр'еру выбіваюцца два санвузлы з пластыкавым сайдынгам на сценах і столі.
Прадаўцы абяцаюць, што гэта добры раён для пражывання з развітой інфраструктурай.
Агульная плошча кватэры — 86,9 кв.м. Дом рэканструявалі ў 2000 годзе.
Цана — $ 55 000.
Чытайце таксама: Як перапланаваць аднапакаёўку і вынесці кухню на лоджыю
Што гэта за дом з надбудаванымі паверхамі?
Дом на Паповіча, 48 — адзіны ў Гродне дом з надбудаваным паверхам. У канцы 1990-х — пачатку 2000-х такія паверхі-мансарды прапаноўвалі дабудоўваць да пяціпавярховых панэлькаў і іншых старых дамоў. У 1997 годзе нават прынялі пастанову Савета Міністраў «Аб мерах па арганізацыі мансарднага будаўніцтва». Аднак у Гродне з’явіўся толькі адзін такі дом.

Практыка не прыжылася і ў іншых гарадах Беларусі. У Мінску з таго часу з’явіўся ўсяго дзясятак мансардных паверхаў, надбудаваных над старымі дамамі. Падобная практыка была распаўсюджаная і ў іншых гарадах былога СССР, напрыклад у Маскве, але нідзе не стала масавай.