Прыватны дом, стылізаваны пад замак, стаіць у парку былой сядзібы Чацвярцінскіх у Скідзелі. У аснове — будынак, імаверна, канца XIX стагоддзя. Яго спрабавалі прадаць яшчэ два гады таму. Цяпер цана знізілася на $ 7 тыс.
Дом-замак з арачнымі вокнамі і галандскай цэглай ручной фармоўкі
«Замак» пабудаваны з сучасных матэрыялаў: цэглы і газасілікатных блокаў, яго ўцяплілі і атынкавалі. Муры ўпрыгожаны галандскай абліцовачнай цэглай ручной фармоўкі, — паведамляе агенцтва нерухомасці «Бугриэлт».
Вокны — арачныя і панарамныя, з пластыкавымі трохкамернымі шклопакетамі з двухбаковым ламініраваннем. У дом заведзена электрычнасць. З інжынерных сетак ёсць разводка вады і каналізацыі, але самі яны адсутнічаюць.
Музычны пакой, більярдная і пяць спальняў
Будынак двухпавярховы. Згодна з праектам, на першым паверсе запланавана кухня-сталовая, трэнажорная зала, більярдная, музычны пакой, санвузел, топачная і тэраса. На другім паверсе — пяць спальняў, кабінет і балкон.
«Гасцёўня абсталявана раскошнай печкай-камінам. Ёсць старадаўні склеп з арачнымі скляпеннямі з цэглы», — адзначаецца ў аб’яве.
Агульная плошча дома — 286 кв.м., жылыя з іх 152 кв.м. Два гады таму цана будынка складала $ 95 тыс., зараз за яго просяць $ 88 тыс. Праўда, цана знізілася толькі ў доларах. У рублях яна наадварот вырасла — з 241 794 да 278 748 рублёў.
Можна жыць самому, а можна арганізаваць турбізнес
Плошча ўчастку, дзе стаіць дом-замак — 0,12 га. Там растуць дэкаратыўныя хмызнякі і туі, таксама ёсць гараж і гаспадарчая пабудова. Будынак знаходзіцца на тэрыторыі сядзібнага парку Чацвярцінскіх канца XIX стагоддзя, які мае статус помніка прыроды. У 100 метрах ад яго працякае рэчка Спушанка, стаіць неагатычны касцёл 1870 года пабудовы. Сама сядзіба не захавалася.
Агенцтва нерухомасці лічыць, што такі дом у сярэднявечным стылі — унікальная прапанова і «трыўмф гісторыі». «Надзейная крэпасць і дом сучаснай сям'і — цудоўнае спалучэнне! Можна арганізаваць гасцінічна-турыстычны бізнес», — дадаюць у аб’яве.