Кафэ «Пышки» з вадаспадам у інтэр'еры і варэннем з шышак у меню адкрылася ў новым будынку побач са Сцежкай здароўя ў Пышках. Меню складаў шэф-повар мінскага рэстарана «Бульбашы», а інвестарам выступіў беларуска-амерыканскі бізнесмен Андрэй Рыжкоў.
Пра тое, што ля ўваходу ў лесапарк Пышкі з’явіцца новая рэстарацыя, стала вядома ў сакавіку 2022 года. Участак для забудовы набыў уладальнік гродзенскай кампаніі «Пинса» Андрэй Рыжкоў. Кафэ ў новым будынку адкрылася 10 жніўня 2024 года.
Варэнне з шышак, н’ёкі і вадаспад: якія цікавосткі ёсць у «Пышках»
Меню ў Instagram-акаўнце кафэ пакуль не з’явілася. Але з агляду «Zatestil Grodno» можна даведацца, што ў «Пышки» ў гонар лесапарку падаюць варэнне з шышак.
Таксама ў кафэ можна замовіць пышкі. Тры «пончыкі» з мясным соўсам і качкай каштуюць 8 руб. У аглядзе адзначаюць: «Пышкі лёгкія, як паветра, а качка — далікатная».
Ёсць у «Пышках» і н’ёкі з вяршковым соўсам, грыбамі і грудзінкай— страва абыдзецца ў 18 руб. «Адчуваецца насычаны смак грыбоў у соўсе, бекон прыемна хрумсціць», — дадаюць у аглядзе.




На дэсерт — тырамісу з вішняй за 12 рублёў. Аўтар агляду адзначае: смачна, але класічны смак лепей.
Брэнд-шэфам «Пышки» стаў беларускі шэф-повар Арцём Ракецкі, які таксама распрацоўваў вясенняе меню для мінскага рэстарана-бровара «Бульбашы».
Інтэр'ер «Пышки» вытрыманы ў светлых адценнях, ёсць там і прыродныя элементы: вялікія фікусы і імправізаваны вадаспад, які цячэ праз стол. Ёсць вялікая барная стойка, а на вуліцы — летняя тэраса.





Што вядома пра ўладальніка кафэ
«Пышки» належаць дырэктару гродзенскай кампаніі «Пинса» Андрэю Рыжкову. Бізнесмен таксама валодае транспартнай кампаніяй у ЗША. У яго Instagram-акаўнце пазначана таксама, што ён мае медычную адукацыю і з’яўляецца педыятрам.
У 2022 годзе, калі будаўніцтва кафэ толькі пачыналася, на сваёй старонцы Рыжкоў напісаў: «Яшчэ адна цаглінка ў развіццё інфраструктуры любімага горада. Упэўнены, не апошняя!». У дзень адкрыцця кафэ Рыжкоў дадаў, што нарэшце з’явілася месца, «куды зайсці пасля шпацыру па любімым парку».
«Пышки» будавалі два гады
Будаўніцтва кафэ планавалі скончыць да вясны 2023 года. Згодна з генпланам, на пляцоўцы павінен быў з’явіцца двухпавярховы будынак з плоскім дахам. Там хацелі размясціць летнюю тэрасу з шэзлонгамі. Раней на гэтай пляцоўцы ў летні перыяд размяшчаўся фургон з фастфудам.