У Гродзенскай вобласці больш за 19 тыс. вакансій — гэта амаль на 14% вышэй, чым летась. Найбольш вакансій знаходзяцца ў Гродне, найменш — у Свіслацкім раёне.
Попыт на працу расце
Па стане на 1 жніўня 2024 года агульная колькасць вакансій у рэгіёне склала 19 925. Дадзеныя апублікаваў Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама. У параўнанні з мінулым годам попыт на супрацоўнікаў павялічыўся на 13,8%. Летась лічба вакансій складала 17 503.
Больш за ўсё працоўных рук не хапае ў Гродне — шукаюць 7040 працаўнікоў. На другім месцы Лідскі раён — 2091 вакансія. У Ваўкавыскім — 1374. Найменшая колькасць свабодных месцаў працы ў Свіслацкім раёне — 326 вакансій.
Колькі беспрацоўных зарэгістравана ў Гродзенскай вобласці і колькі яны могуць зарабіць
У жніўні ў Гродзенскай вобласці на ўліку беспрацоўных стаяла 777 чалавек, што на 21,5% менш у параўнанні з мінулым годам — 990 чалавек. Атрымліваецца, на аднаго беспрацоўнага ёсць больш за 25 вакансій.
На сайце службы занятасці насельніцтва даступна 20 331 вакансія па Гродзенскай вобласці. Найменшы заробак прапануюць памочніку выхавальніка ў дзіцячым садку ў Гродне. Заробак за 0,1 стаўку — 62,6 руб. Крыху больш за 0,1 стаўку можа зарабіць выхавальнік у Бераставіцкім інтэрнаце — 70 рублёў. Прыбіральшчык вытворчых і службовых памяшканняў у Бераставіцы за тую ж 0,1 стаўку можа прэтэндаваць на заробак у 75 руб. Але ў працоўнай кніжцы не павінна быць «негатыўных запісаў».
Чытайце таксама: Самыя грашовыя вакансіі ў Гродне
Найбольшы заробак у Гродзенскай вобласці прапануюць супрацоўнікам Астравецкай АЭС: кіраўнікам змен і галоўным інжынерам. Заробак складае ад 5 да амаль 10 тыс. руб.