Пасяджэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Гродзенская гарадская федэрацыя футбола» пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе 16 жніўня. Яе кіраўніка затрымлівалі ў тым ліку за канфлікт з Яўгенам Дудко.
Іск аб ліквідацыі заявіла Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Жанна Краўчанка.
Арганізацыя працавала на стадыёне цэнтральнага спартыўнага комплексу «Нёман» па вул. Лермантава, 45 з 2012 года. Апошнія дадзеныя на сайце Мінюста датуюцца 2022 годам. Тады ў арганізацыі было 95 чалавек. Арганізацыя праводзіла мерапрыемствы для развіцця футбола — звычайнага, пляжнага, жаночага, павышала кваліфікацыю суддзяў. Вяла прадпрымальніцкую дзейнасць і зарабляла. Яшчэ вясной 2024 года яны публікавалі навіны ў сацсетках.
Кіраўніка затрымлівалі
Старшынёй арганізацыі ў 2022 годзе быў Віктар Русін. Яго затрымалі і ставілі яму ў віну абразу прадстаўнікоў улады і іх сям'і ў інтэрнэце, рэгістрацыю ў плане «Перамога» і некалькі адміністрацыйных артыкулаў. Яму далі сем сутак арышту і адпусцілі.

«Пасля падзей жніўня-2020 Віктар адкрыта абазначаў грамадзянскую пазіцыю, што не засталося незаўважаным з боку Дудко — намесніка старшыні Гродзенскага аддзялення БФСТ «Дынама», другога чалавека ў «УУС-Дынама» і дзеючага падпалкоўніка міліцыі. <…> Паводле нашай інфармацыі, Дудко не раз пагражаў Віктару арыштам, калі той і далей будзе выступаць за перамены. Ну, а Русін, у сваю чаргу, аднойчы ў Telegram-канале назваў функцыянера брыдотай, за гэта і ўчапіўся Дудко: напісаў заяву, бо палічыў гэтае слова «абразай прадстаўніка ўлады і яго сям'і», — пісала тады спартыўнае выданне Tribuna.com.