Да стагоддзя Васіля Быкава беларусы звярнуліся ў Міністэрства культуры з прапановай надаць пісьменніку званне Героя Беларусі. У адказ на зварот мінкульт даслаў два сказы.

Чыноўнікі: «Дадзенае пытанне не разглядаецца»

У чэрвені на e-petitions.by з’явіўся зварот, у якім беларусы прапанавалі пасмяротна надаць класіку беларускай літаратуры Васілю Быкаву званне Героя Беларусі.

«З вялікім жалем мы адзначаем, што ў сваёй роднай краіне званне „Герой Беларусі“ шаноўны В. Быкаў пакуль не мае. Аднак артыкул 68 Закона „Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь“ прадугледжвае наданне звання „Герой Беларусі“ пасмяротна», — адзначалася ў петыцыі.

Аўтары звароту лічаць, што творы пісьменніка «паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі вайсковай прозы ХХ стагоддзя».

Петыцыю накіравалі ў Міністэрства культуры. Адказ прыйшоў праз месяц. У ім тлумачыцца, што з прапановай надаць званне «Герой Беларусі» могуць выступаць толькі дзяржаўныя органы, пералічаныя ў Законе аб дзярдаўных узнагародах. Паводле чыноўнікаў, такіх прапаноў аб наданні Быкаву звання ў міністэрства не паступала. «Міністэрствам культуры дадзенае пытанне ў бягучы момант не разглядаецца», — падсумавалі чыноўнікі.

Чытайце да 100-годдзя Васіля Быкава:

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года — сёлета адзначаецца 100-гадовы юбілей пісьменніка. За сваю творчасць ён неадночный атрымліваў высокія ўзнагароды, атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.

Хто ёсць у спісе Герояў Беларусі

У спіс Герояў Беларусі на дадзены момант уваходзіць 14 асоб. У асноўным гэта людзі, якія атрымалі званне за развіццё беларускай сельскай гаспадаркі і айчынных прадпрыемстваў.

Напрыклад, за «выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам» у спіс пасмяротна трапіў былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Дубко.

Пры жыцці званне Героя Беларусі атрымаў старшыня СПК «Кастрычнік» Гродзенскага раёна Віталь Крамко — за «самаадданую працу, выключныя заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці».

Ёсць у спісе Мітрапаліт Філарэт, біятланістка Дар’я Домрачава і касманаўтка Марына Васілеўская.

Толькі адзін культурны дзеяч атрымаў званне «Героя Беларусі» — гэта мастак Міхаіл Савіцкі.

Чытайце таксама: Жыхары Гродна прапанавалі паставіць у горадзе помнік Быкаву. Вось што адказала Зоя Кулеша з гарвыканкама