Дзіцячы летнік. Фота ілюстрацыйнае: grodnotrans.by
У дзяржаўных летніках на Гродзеншчыне выявілі парушэнні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў: дзяцей лячылі пратэрмінаванымі лекамі, на кухнях і ў сталовых жылі насякомыя, умовы захоўвання прадуктаў парушаліся. Пасля праверак летнікі працягваюць функцыянаваць. У той жа час прыватныя летнікі пасля падобных праверак у момант ліквідуюць.
Гродзенская транспартная пракуратура разам с санстанцыяй праверыла дзіцячыя летнікі вобласці, якія належаць аднаму ўнітарнаму прадпрыемству. Пра гэта паведаміла служба інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.
Найбольшую колькасць парушэнняў выявілі на кухнях і ў сталовых. Стравы гатаваліся не па тэхналагічных картах, таксама не выконваліся ўмовы захоўвання прадуктаў.
Нарэзкі для салата праверылі ў лабараторыі. У выніку выявілі парушэнні ў паказчыках бяспекі і бясшкоднасці харчовых прадуктаў. Таксама знайшлі прадукцыю, у склад якой дадаваўся маргарын, які не адпавядае прынцыпам дзіцячай дыеты.
У памяшканнях аб’ектаў харчавання выявілі насякомых, якія могуць пераносіць небяспечныя інфекцыі, у тым ліку кішэчныя.
Парушэнні выявілі і ў медыцынскіх кабінетах летнікаў. Напрыклад, няправільна захоўвалі мыйныя і дэзынфікуючыя сродкі, якія маглі стаць прычынай атручванняў і апёкаў.
У адным з летнікаў пры аказанні медыцынскай дапамогі пры ўкусах насякомых выкарыстоўваўся сродак са скончаным тэрмінам прыдатнасці. На момант абследавання ў медыцынскім кабінеце аздараўленчай арганізацыі і некаторых іншых памяшканнях не было гарачай вады.
У летніках не забяспечвалася чысціня памяшканняў і санітарна-тэхнічнага абсталявання. Таксама выявілі выпадкі спажывання тытунёвых вырабаў на тэрыторыі летнікаў. Праўда, не ўдакладняецца, хто курыў - супрацоўнікі ці дзеці.
У дачыненні да вінаватых у парушэннях разгледзяць адміністрацыйныя справы па арт. 17.5 (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў).
У траўні чыноўнікі занепакоіліся прыватнымі дзіцячымі летнікамі. Маўляў, у іх не гарантуецца бяспека і належная якасць харчавання і пражывання. Для рэгулявання дзейнасці прыватных летнікаў вырашылі правесці «больш жорсткі маніторынг».
У сваю чаргу генпракуратура абвясціла аб стварэнні спецыяльнага рэестру для прыватных фірм, якія арганізуюць летні адпачынак для дзяцей. Трапіць у рэестр змогуць толькі тыя летнікі, якія «створаць усе ўмовы для бяспечнага знаходжання дзяцей, будуць выконваць патрабаванні супрацьпажарнай бяспекі і санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства».
Ціснуць на прыватныя летнікі дзяржава пачала яшчэ ў мінулым годзе. Улетку 2023 ліквідавалі адразу дзве ўстановы: намётавы лагер у Лідзе і каталіцкі скаўцкі лагер пад Навагрудкам. Першы летнік арганізавала грамадская арганізацыя «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых», якую пазней ліквідавалі.
У чэрвені 2024 года ліквідавалі яшчэ адзін «стыхійны летнік» у Лідзе. Праверка выявілі ў летніку санітарна-эпідыміялагічныя парушэнні і «след Захаду».
У генпракуратуры запэўнілі, што летнікі правяраюць незалежна ад таго, прыватныя яны ці дзяржаўныя. Але ў выніку толькі прыватныя адразу закрываюць.
Раней Дом быту на Замкавай, 4 спрабавалі прадаць ужо чатыры разы. У час аўкцыёну, які…
У Threads беларус Дзяніс выказаў здзіўленне наконт таго, што ў гасцініцах і гатэлях Гродна ўсе…
Уладальніцу гродзенскага бара аштрафавалі на 210 рублёў за парушэнне начнога рэжыму працы. Аднак у цэнтры…
Новая ўстанова з'явілася ў старажытным доме на Горкага, 47А. Кавярня “Zолото” ужо працуе ў тэставым…
Уладальнікі "Гарадзенскай кавярні", якая знаходзіцца на вуліцы Маркса, 5, прадаюць установу і з'язджаюць з Гродна.…
Нагодай для гэтага стала абнаўленне гарадскіх пляжаў і неабходнасць абараніць іх ад вандалаў. Зараз на…