У ліпені супрацоўнікі Старога замка правялі каля 300 групавых і індывідуальных экскурсій. Усяго ад пачатку года замак наведалі больш за 100 тыс. чалавек. Але праблема з прапускной магчымасцю ў музеі пакуль не вырашылася.
Ад пачатку года ў музеі правялі больш за 1,5 тыс. экскурсій
У ліпені Стары замак наведалі больш за 25 тыс. турыстаў, паведаміла загадчыца аддзела Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Марыя Усманава ў эфіры тэлеканала «Гродна Плюс».
— Што да перыяду ад пачатку года, то ўжо больш за 100 тыс. чалавек наведалі Стары замак і больш за 1.5 тыс. экскурсій правялі мы. Наогул у нас аглядная экскурсія, гэта значыць на працягу гэтай экскурсіі мы з турыстамі, гасцямі горада глядзім усе залы, глядзім увесь інтэрактыў, якім напоўнены Стары замак сёння, ну і выходзім на назіральную пляцоўку.
У кожнай зале музея ўсталяваны інтэрактыўныя дошкі з 3D-праекцыяй. На некаторых з іх інфармацыя дублюецца на шасці мовах: рускай, беларускай, польскай, англійскай, літоўскай і кітайскай.
Чытайце таксама: Стары замак зробяць даступным людзям з інваліднасцю. На першым этапе рэканструкцыі пра іх забылі
З пачатку года ў музеі з’явілася новая паслуга — фотасэсія ў інтэр'еры. Госці могуць атрымаць прафесійныя здымкі ў інтэр'еры Старога замка. Таксама можна паўдзельнічаць у майстар-класе па друку гравюры па старадаўніх тэхналогіях.
Наведваць музей лепш у буднія
У 2022 годзе Стары замак сутыкнуўся з недахопам экскурсаводаў. Тады экскурсіі трэба было заказваць за месяц-два. У 2023 годзе праблема не знікла. Сёння таксама на індывідуальныя экскурсіі трэба запісвацца загадзя, адзначаецца ў рэпартажы «Гродна Плюс».
Згодна с інфармацыяй на сайце музея, Стары замак яшчэ не вырашыў праблемы з прапускной магчымасцю. «Магчыма часовае абмежаванне продажу білетаў касай для рэгулявання патоку наведвальнікаў», — пазначана на сайце. Супрацоўнікі прапануюць па магчымасці планаваць наведванне музея ў буднія дні.