Фатаграфію чалавека, які напаў на беларускую краму Kropka ў Вільні, размясцілі на старонцы Reidas.lt у Facebook, заўважыла «Наша Ніва». Ён патрапіў у аб’ектыў камеры відэаназірання ўначы 28 ліпеня. Цяпер яго шукае літоўская паліцыя.
Тых, хто пазнае чалавека на фота, заклікаюць звяртацца да старшага следчага паліцыі Вольгі Лук’янавай па тэлефоне 8 60 712 497 ці па email [email protected].

Што здарылася з крамай, якую адкрылі ў Вільні гродзенцы
На сцяне беларускай крамы Kropka ў Вільні ўначы 28 ліпеня невядомы напісаў на літоўскай мове «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні». Апроч гэтага, у краме разбілі акно.



Краму беларускіх сувеніраў і творчую прастору ў цэнтры Вільні па адрасе Savičiaus g. 6 адкрыў былы палітвязень Зміцер Фурманаў і яго жонка Вольга. Пара працуе ў тым ліку з майстрамі, якія вымушана пакінулі Беларусь.
Адна з версій, якую абмяркоўваюць у сацыяльных сетках — што правакацыю зладзілі беларускія спецслужбы. За апошні час невядомыя зрабілі некалькі правакацыйных надпісаў на помніках і будынках Вільні.
Пасля нападу Фурманавы адкрылі збор сродкаў на рамонт праз сэрвіс buymeacoffee. Яны хацелі сабраць 400 еўра на рамонт, але за пару гадзін сабралі больш за 500 еўра.