Загадчыка карэспандэнцкага бюро Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі ў Гродзенскім рэгіёне Юрыя Карняловіча прызначылі дырэктарам тэлерадыёкампаніі «Гродна». Новага кіраўніка прадставіў 24 ліпеня старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант.
Юрый Карняловіч у 2002 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Быў рэдактарам ТРК «Гродна», карэспандэнтам СТБ.
Да прызначэння Карняловіча абавязкі дырэктара выконваў галоўны інжынер Уладзімір Жудро.
Што здарылася з папярэднім дырэктарам
З 2008 па 2024 гады дырэктарам «Тэлерадыёкампаніі «Гродна» быў Мікалай Мельячэнка. Але ў студзені 2024 года дадзеныя аб ім раптам зніклі з сайта кампаніі. Паводле інфармацыі Hrodna.life, Мельячэнку затрымалі за п’янае кіраванне аўтамабілем падчас навагодніх святаў і Новы год ён сустрэў у ізалятары. Пасля гэтага яго звольнілі.
Да прызначэння дырэктарам Мельячэнка, як і Карняловіч, кіраваў карпунктам АТН Белтэлерадыёкампаніі ў Гродне.
Што такое тэлерадыёкампанія «Гродна»
Тэлерадыёкампанія «Гродна» аб’ядноўвае тэлеканал «Беларусь 4 Гродна» і «Радыё Гродна». Свой пачатак кампанія бярэ ад абласнога радыё, створанага ў 1944 годзе і абласной студыі тэлебачання, якая пачала працаваць у 1968 годзе.