Новая кніга пра ката Шпрота і яго сяброў-прывідаў ад гродзенскай пісьменніцы Ганны Янкуты выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч». Кнігу «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік» ужо можна купіць анлайн. Продаж у краме «Кнігаўка» ў Варшаве пачнецца 25 ліпеня.
Хацелася, каб казка была сучаснай
«Кот Шпрот і вежавы гадзіннік» ужо амаль тры гады існуе ў фармаце аўдыякнігі. Тыя, хто яе слухаў, у тэксце друкаванага выдання не знойдуць нічога асабліва новага, расказала Ганна для Hrodna.life. Але некаторыя месцы аўтарка паправіла, таму стопрацэнтнага супадзення чакаць не варта.
«Для тых, хто гэтай гісторыі яшчэ не ведае, магу сказаць, што ў ёй з’явіцца некалькі новых прывідаў. На прэзентацыях мне часам казалі, што прывідам у „свеце Шпрота“ аддаецца замала ўвагі, і я вырашыла, што менавіта яны мусяць адыграць у новай казцы істотную ролю. Увогуле мне заўсёды хацелася, каб казкі пра Шпрота былі сучасныя і адпавядалі важным для мяне каштоўнасцям, а гэтая кніга, відаць, будзе самая сучасная з усіх. Думаю, многія пазнаюць у ёй сюжэты, якія можна было бачыць у горадзе колькі часу таму і якія ўжо зрабіліся нашай гісторыяй».
Гродзенка Ганна Янкута пачынала свой шлях у літаратуру з перакладаў, пісала крытычныя артыкулы і агляды, супрацоўнічала з рознымі праектамі, пераважна літаратурнымі. Першая кніга «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» выйшла ў 2018 годзе, праз два гады ў продажы з’явілася другая кніга «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль». Гісторыю пра Ката гродзенка прыдумала ў Мінску, дзе жыла ўжо працяглы час. Паводле сюжэту Кот Шпрот уначы цішком збягае з балкона і, блукаючы па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома.
Новыя ілюстраваныя героі і сюрпрызы для бацькоў
Як і дзве папярэднія кнігі пра Шпрота, трэцюю праілюстравала гродзенка Лілія Давыдоўская. Для гэтай гісторыі ілюстратарка прыдумала абліччы новых герояў: гноманаў, якія сочаць за працай гадзінніка на вежы, прывідаў Зязюлі і Гадзіншчыка, а таксама загадкавага прывіда Шампіньёна.
Ганна адзначае, што ў ілюстрацыях Ліліі, як заўсёды, шмат дробных цікавых дэталяў, якія можна доўга разглядаць, а таксама мілых жартаў: «Будуць і сюрпрызы для бацькоў, якія не палянуюцца разам з дзецьмі паразглядаць старонкі кнігі і зробяць гэта дастаткова ўважліва».
Грошы на падрыхтоўку ілюстрацый сабралі праз краўдфандынг.
«Я вельмі спадзяюся, што кніга падорыць радасць чытачам і чытачкам розных узростаў», — кажа пісьменніца.
Колькі каштуе новы «Кот Шпрот» і дзе яго купіць?
На сайце knihauka.com даступна папярэдняя замова кнігі за 44,90 злотых (прыкладна 36 руб. ці € 10,5). Дастаўляюць кнігу па ўсім свеце. Таксама можна купіць увесь камплект з трох кніг пра Ката Шпрота. Ён будзе каштаваць 130 злотых (прыкладна 105 руб. ці € 30).