Турыст з Польшчы Томаш Адамскі з’явіўся ў Instagram тэлеканала “Гродна Плюс”. На відэа ён расхвальвае Беларусь і Лукашэнку. Але рэдакцыю Hrodna.life зацікавіў лагатып на яго кашульцы. Аказалася, гэта сімволіка неафашысцкай польскай партыі „Rodacy Kamraci”.
“На Беларусі вельмі спакойна. Цішыня і спакой. Вельмі шмат месцаў можна пабачыць. Прыгожая прырода навокал, – пачынае свой расказ Томаш. – Сітуацыя ў Беларусі выглядае вельмі спрыяльна для палякаў. Мяне ніхто не кранаў. Я ноччу гуляў – ніхто мяне не пабіў”.
“Толькі адзін пункт пропуску [на польскай-беларускай мяжы] адкрыты праз гэтую заходнюю палітыку”, – скардзіцца турыст. Ён лічыць, што межы мусяць быць адкрытыя, як раней.
А яшчэ Томашу Адамскаму вельмі падабаецца Лукашэнка і не падабаюцца польскія палітыкі.
“Я зайздрошчу, што ў вас ёсць прэзідэнт Лукашэнка. Хацеў бы ў Польшчы такога. У нас не кіруюць палякі, у нас кіруюць польскамоўныя, якія толькі прыкідваюцца палякамі, а дзейнічаюць на шкоду Польшчы, нішчаць яе”, – сказаў Томаш у інтэрв’ю.
Якую ідэалогію насамрэч падтрымлівае гэты турыст?
Увесь час на відэа добра бачная майка Томаша Адамскага з вялікім лагатыпам арганізацыі „Rodacy Kamraci”. Што гэта за структура?

„Rodacy Kamraci” – гэта польская нацыяналістычная і неафашысцкая партыя, якую ў 2023 годзе стварыў актывіст Войцех Альшаньскі на аснове свайго ранейшага руху Kamractwo. У 2022 годзе Альшаньскі трапіў на паўгода ў турму за пагрозы забойства дэпутатаў польскага сейму.
„Rodacy Kamraci” выказваюць антысеміцкія, антыўкраінскія, антыамерыканскія і гамафобныя погляды. Таксама яны вераць у “яўрэйскую змову” і іншыя тэорыі змовы, адмаўляюць пандэмію COVID-19 ды хваляць Польшчу часоў камунізму (канкрэтна – 1956-70-х гадоў, калі кіраваў Уладыслаў Гамулка). Лідар партыі Войцех Альшаньскі у студзені 2024 года прызнаўся, што ў часы камунізму быў байцом ZOMO – аналаг беларускага АМАП – які жорстка разганяў пратэсты ў Польшчы.
Пошук па тварах, праведзены рэдакцыяй Hrodna.life, паказаў, што турыст Томаш Адамскі (або вельмі падобны да яго чалавек) удзельнічаў у чэрвені 2022 у нацыяналістычным маршы ў Варшаве. Удзельнікі неслі слоганы “Вялікая Польшча”, выкрыквалі антыўкраінскія і антысеміцкія лозунгі ды лозунгі супраць ЛГБТ-супольнасці. У час марша яны абвінавацілі Украіну і НАТА ў агрэсіі супраць Расіі. Паводле выдання OKO.press, той марш арганізавалі прарасійскія актывісты ў Польшчы.
Чытайце таксама: Улады Гродна хваляцца, што да іх прыехала «дэлегацыя Падляскага ваяводства». Насамрэч гэта маргіналы і прыхільнікі Пуціна



