Гродзенскага музыку Ігара Банцэра затрымалі ў Варшаве 16 ліпеня. Прычына – мужчына прыйшоў у Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве са зброяй. На наступны дзень – 17 ліпеня – Банцэра выпусцілі з аддзялення. Hrodna.life спытаў у музыкі, што адбылося ў міністэрстве і што з ім будзе далей.
UPD 25 ліпеня. Разбіральніцтва па справе Ігара Банцара перанеслі на наступную сераду, 31 ліпеня – пракуратура не перадала дакументы справы, даведаўся Hrodna.life.

Ахова нічога лепш не прыдумала, як выклікаць паліцыю
“Мяне забралі ні за што”, — сказаў Hrodna.life музыка Ігар Банцэр. “Я прыйшоў у міністэрства па тэхнічных пытаннях – займаюся вырашэннем сямейных праблем і ніхто не можа ў дзяржаўных інстытуцыях дапамагчы. Таму мяне накіравалі ў міністэрства, каб я паразмаўляў з іх прадстаўніком”.
На ўваходзе Ігар паведаміў ахове, што мае пры сябе небяспечныя прадметы. “Мяне праверылі, а рэчы не змясціліся ў скрынкі для сканера, таму іх пакінулі ў куце. Пакуль я 15 хвілін размаўляў з прадстаўніком міністэрства, ахова прыдумляла, што з гэтым рабіць і нічога лепш не прыдумала, як выклікаць паліцыю”.
Прыйшоў з намерам перашкодзіць працы міністэрства
У выніку музыку затрымалі за тое, што ён нібыта спецыяльна, з намерам, прыйшоў, каб перашкодзіць працы міністэрства. Гэта пагражала яму крымінальным артыкулам. З гэтым абвінавачаннем музыка не згадзіўся і выклікаў адваката.
У выніку, музыку абвінавацілі паводле адміністрацыйнага артыкула №66 “Незаконны выклік трывогі або блакаванне тэлефоннага нумара экстранай дапамогі”.
Музыка разлічвае атрымаць штраф
У сераду 24 ліпеня 2024 года ў раённым аддзяленні паліцыі ў Варшава адбудзецца разгляд адміністрацыйнага правапарушэння. Ігар разлічвае атрымаць штраф за тое, што прыйшоў у міністэрства з небяспечнымі прадметамі.
Паводле слоў Банцэра, усе прадметы – тры газы, тэлескапічная палка, пісталет – легальныя ў Польшчы, якія ён набыў у мілітарных крамах.
Ігар Банцэр — музыкант гродзенскай стрыт-панк-гурта Mister X. У Гродне займаўся культурнай і грамадскай дзейнасцю. Адбываў паўтара года «хіміі» за нібыта хуліганства, якім палічылі танец у стрынгах. Прымае антыфашысцкія і антырасісцкія погляды. Цяпер жыве ў Варшаве.
Рэкламай музыкі ў Беларусі займалася КДБ, а ў Польшчы – паліцыя
Паводле слоў Банцэра, пасля ночы ў аддзяленні паліцыі ён адчувае сябе цудоўна. “Я заехаў, нармальна пераночыў у цэнтральным аддзяленні Варшавы. Перада мной тут ночыў міністр Раманоўскі, якога пазбавілі імунітэта. Удзячны паліцыі за тое, што мяне разрэкламавалі. У Беларусі гэтым займалася КДБ, а тут паліцыя. У выніку ўсе СМІ беларускія напісалі”, — сказаў Банцэр.
Чытайце таксама: Затрыманы са зброяй у Варшаве беларус аказаўся гродзенскім музыкам (абноўлена)


