Уладальнікі «карты паляка» старэйшыя за 60 гадоў змогуць падаваць дакументы на атрыманне нацыянальных візаў ва ўсіх візавых цэнтрах Польшчы без папярэдняй рэгістрацыі.
Змена ўвойдзе ў сілу з 15 ліпеня 2024 года, паведамілі на сайце візавага пасярэдніка VFS Global. Гэта аблегчыць працэс падачы для людзей сталага веку, пазбаўляючы іх неабходнасці загадзя рэгістравацца.
Працэс рэгістрацыі на візы змяніўся з красавіка 2024 года: яна стала строга індывідуальнай, пры запісе на падачу дакументаў верыфікацыя праходзіць з уключанай камерай смартфона ці ноўтбука. Выключэнне зрабілі толькі для рэгістрацыі сям'і (муж і жонка і непаўналетнія дзеці). Тады магчымая групавая рэгістрацыя з верыфікацыяй аднаго з паўналетніх чальцоў сям'і.
Таксама важна памятаць, што дакументы трэба падаваць у тыя візавыя цэнтры, якія абслугоўваюць ваш рэгіён пражывання. З 25 чэрвеня ў візавыя цэнтры ў Гродна і ў Лідзе могуць падаць дакументы толькі тыя, хто прапісаны ў Гродне і Гродзенскай вобласці.