Былы спартовец і алімпіец Павел Шурмей з пазыўным “Дзядзька” стаў выконваючым абавязкі камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага. Пра гэта паведаміла “Еўрарадыё” са спасылкай на прэс-службу палка. 

Ураджэнец Ліды стаў выконваючым абавязкі камандзіра палка Каліноўскага
Павел Шурмей. Крыніца: censor.net

На пасадзе камандзіра Шурмей замяніў Дзяніса Прохарава з пазыўным “Кіт”. Але ён пакуль выканаўца абавязкаў. На новай пасадзе “Дзядзьку” павінна зацвердзіць управа камандзіраў баявых падраздзяленняў, але не абавязкова, што гэта адбудзецца. 

Хто такі Павел Шурмей

Павел Шурмей – 47-гадовы ўраджэнец Ліды і спартовец-вясляр. Ён удзельнічаў у Алімпійскіх гульнях 2004 і 2008 гадоў у складзе зборнай Беларусі. Жонка Паўла Шурмея – украінская вяслярка Алена Бурак. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 Шурмей прыехаў з ЗША ва Украіну і далучыўся да беларускага добраахвотніцкага руху. Падчас аднаго з баёў быў паранены. За адвагу яго ўзнагародзілі Медалём БНР за баявыя заслугі. 

У сакавіку 2023 года ў Беларусі супраць Шурмея завялі крымінальную справу. Яго абвінавачваюць паводле артыкулаў 361-3 і 361-4 КК (удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У чэрвені 2024 года Басманны суд Масквы завочна  арыштаваў Шурмея. 

Чытайце таксама: Лідчаніна будуць судзіць за ўступленне ў полк Каліноўскага. Пакуль — завочна