Былы будынак разліва піва на Гродзенскім піўзаводзе гатовы больш чым на 90%. Там сканчаюць вонкавыя працы і плануюць пачаць унутранае аздабленне. У сутарэннях XVII і XIX стагоддзяў хочуць адкрыць арт-прастору і музей, паведаміў тэлеканал «Беларусь 4. Гродна». Там будуць праводзіць выставы і канцэрты.

У музеі плануюць размясціць «піўную экспазіцыю». Сярод экспанатаў будзе старая цэгла з адбіткамі лапаў жывёлаў, бутэлькі рознага перыяду, а таксама рэчы, якія знайшлі падчас рэканструкцыі, перадавалі ўласнікам будынка і купілі праз аўкцыёны.
Будзе новая пляцоўка для канцэртаў
У савецкія часы ў гэтых сутарэннях размяшчаліся чаны. У іх захоўвалі піва і падрыхтоўвалі напой да разліву. Пасля рэканструкцыі на плошчы ў 800 кв.м. адкрыюць арт-прастору. Там плануюць арганізоўваць выставы, а таксама мерапрыемствы з удзелам музыкаў, мастакоў, скульптараў і разбяроў па дрэве. Экспанаваць хочуць творы не толькі гродзенскіх творцаў, але і мастакоў з іншых рэгіёнаў Беларусі. Музычныя канцэрты будуць праводзіць у жалезабетонным скляпенні вышынёй пяць метраў.



Скрыншот: «Беларусь 4. Гродна»
На аднаўленне выдаткавалі больш за $ 3 млн
На аднаўленне піўзавода ўжо выдаткавалі больш за $ 3 млн. Як мінімум столькі ж трэба для завяршэння прац, якія плануюць скончыць да канца 2024 года. Запланавана, што пачатку 2025 года арандатары пачнуць займаць памяшканні.
Чытайце таксама: Комін з флюгерам захаваюць, з паддашша зробяць мансарду. На гродзенскім піўзаводзе пачалі мяняць дах