Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Флагман Мьюзік» заявіла іск да Вольгі Славаміраўны Бондаравай. Справу аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі будуць разглядаць у эканамічным судзе Гродзенскай вобласці 8 ліпеня.
Суддзя — Наталля Карых. Справа з’явілася ў раскладзе судовых матэрыялаў, заўважыў Hrodna.life.
Flagman Music займаецца прадзюсаваннем артыстаў і блогераў. Арганізуе ўдзел у здымках і ТБ праектах і канцэрты, прасоўвае творчасць. Адзін з падапечных кампаніі — Дзмітрый Сіўчык (Дзім Дзімыч), блогер, цік-токер, музыка, удзельнік праекта «X-Factor». Яго трэк «Кубики Рубики» атрымаў плацінавы дыск.
Яго вінаваціла Бондарава
Менавіта Дзмітрыя Бондарава згадала з 14 ліпеня 2023 года 38 разоў. Яна абвінаваціла яго ў ЛГБТ-прапагандзе, негатыўным стаўленні да сілавых структур і матывацыі да сацыяльна небяспечных паводзін.
«Свае песні, «ціктокі» і іншыя відэа ён запісвае, выкарыстоўваючы дзіцячую манеру гаварыць і дзіцячую лексіку, хоць гэтаму ілбу 23 гады. У яго роліках, напрыклад, абмяркоўваецца цяжарнасць мужчыны як нармальная з’ява, каханне паміж хлопчыкамі і да таго падобнае. Ён сябруе з такім дэгенератам, як блогер Некоглай, якога дэпартавалі з РФ.
Страшна тое, што ён ужо дае канцэрты ў расійскіх гарадах і нават прыходзіць выступаць у школы. (хто яго туды наогул пускае?) Мяркуючы па роліках, яго фанатам няма нават 10 гадоў. Пры гэтым ён з’яўляецца на беларускім ТБ і нават удзельнічаў у «Песні года — 2022», — напісала Бондарава ў апошнім пасце.
Хто яшчэ судзіўся з Бондаравай?
Раней іск супраць Бондаравай падаў гродзенскі сайт Grodno.in. Эканамічны суд Гродзенскай вобласці пакінуў справу без разгляду. Бакі пагадзіліся дамовіцца праз медыятара.