З 6 ліпеня 2024 года ў Беларусі ўступіць у сілу новая рэдакцыя Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Сярод іншых зменаў яна прадугледжвае магчымасць арганізацыі дзіцячых дамоў пры манастырах, забарону на заняцце рэлігійнымі арганізацыямі палітычнай дзейнасцю і абавязковую перарэгістрацыю.
Зараз для стварэння рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання спатрэбіцца наяўнасць абшчын ва ўсіх абласцях краіны і ў Мінску, а мінімальную колькасць абшчын павялічваюць з 10 да 15. Для ўсіх рэлігійных аб’яднанняў абавязковай стане наяўнасць хаця б адной абшчыны, якая працуе на тэрыторыі Беларусі не менш як 30 гадоў, удакладнілі ў Палаце прадстаўнікоў.
Упершыню ў законе замацоўваецца паняцце місіянерскай дзейнасці. Удакладняюцца змест і мэты паломніцкай дзейнасці. Рэлігійныя арганізацыі змогуць ствараць юрыдычныя асобы і падраздзяленні для аказання сацыяльных паслуг. Вызначаюцца ўмовы стварэння і працы нядзельных школ для дзяцей і групаў для дарослых.
Усе рэлігійныя арганізацыі абавязалі прайсці перарэгістрацыю на працягу года пасля ўступлення зменаў у сілу. Дзяржаўныя структуры павінны ўнесці інфармацыю аб рэлігійных арганізацыях у Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да 1 студзеня 2026 года.
Дзіцячы дом ад Гаўрыілы
Змены ў законе дазваляюць адкрываць дзіцячыя дамы пры манастырах. Гэты ж пункт уводзіць і праект закона «Аб змене законаў па пытаннях адукацыі», які зараз рыхтуюць да першага чытання.
Ідэю запазычыла Наталля Качанава са сваёй паездкі ў Расію. Першым такім манастыром з дзіцячым домам будзе Гродзенскі Свята-Растова-Багародзічны жаночы манастыр, якім кіруе скандальна вядомая ігумення Гаўрыіла, паведамляў Telegram-канал сілавікоў «Гродненские сливы».
Забарона на палітыку
Рэлігійным арганізацыям забараняецца займацца палітычнай дзейнасцю, удзельнічаць у дзейнасці палітычных партый і аказваць ім фінансавую і іншую падтрымку.
Закон вызначае шырокія падставы для прыпынення і ліквідацыі рэлігійных арганізацый.
Сярод іх дзейнасць «супраць асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі Беларусі, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, прыніжэнне нацыянальнага гонару, палітычная дзейнасць ці іншая нявызначаная экстрэмісцкая дзейнасць».
Ці будзе забарона датычыць прапаганды вайны і апраўдання расійскай агрэсіі ва Украіне, якімі займаюцца некаторыя царкоўныя арганізацыі, напрыклад, Свята-Елізавецінскі манастыр, не ўдакладняюць.
Чытайце таксама: Гродзенскі манастыр перадаў падарункі расійскім салдатам ва Украіну: сярод іх лісты дзяцей нядзельнай школы
Са жніўня 2020 года да лютага 2024 года больш за 70 беларускіх святароў і рэлігійных лідараў спазналі пераслед і ціск, вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі па палітычных матывах, адзначалі эксперты ААН, крытыкуючы будучыя змены ў законе.
Парушае правы, дыскрымінуе. Што яшчэ не так з абноўленым законам?
Эксперты ААН адзначылі, што абавязковая рэгістрацыя рэлігійных арганізацый парушае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі, прадугледжанае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Закон таксама забараняе дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацый, што супярэчыць міжнародным стандартам.
Закон уводзіць строгі дзяржаўны кантроль над рэлігійнай адукацыяй і літаратурай. Цяпер любыя матэрыялы рэлігійнага зместу не павінны супярэчыць «ідэалогіі агульнапрызнаных традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа і ідэалогіі беларускай дзяржавы». Гэта можа прывесці да дыскрымінацыі і абмежаванняў на свабоду рэлігіі і перакананняў.
Рэлігійныя арганізацыі зараз дазваляецца ўзначальваць толькі грамадзянам Беларусі, якія стала пражываюць у краіне. Гэта можа прывесці да дыскрымінацыі ў адносінах да некаторых рэлігій.
Расплывістыя фармулёўкі закону могуць справакаваць адвольныя рашэнні і запалохванне рэлігійных лідараў, папярэдзілі эксперты.