Былы ўладальнік крамы «АвтоЗапчасти» Віктар Рукша ў Гродне выйшаў з СІЗА некалькі дзён таму. Пра гэта Hrodna.life паведаміла дасведчаная крыніца. Рукшу пачалі пераследаваць пасля таго, як ён паскардзіўся ў 2020 годзе на сілавікоў.
Выхад Віктара на волю не звязаны з вызваленнем палітвязняў у Беларусі - ён не быў ім прызнаны.
Пакуль невядома, ці спынілі крымінальную справу супраць Віктара ці асудзілі яго і залічылі тэрмін утрымання пад вартай. Вядома, што бізнес Рукшы «знішчылі». У траўні фірму-ўладальніка крамы аўтазапчастак праз суд прызналі банкрутам.
Разбіральніцтва па справе Віктара Рукшы пачалося падчас пратэстаў 2020 года. Тады Віктар паскардзіўся на сілавікоў, якія ўварваліся да яго ў краму і затрымалі ў тым ліку яго супрацоўнікаў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў заявіў аб нявыплаце падаткаў у 525 тысяч рублёў ($ 203 693) і яшчэ 12 тысяч ($ 4655) — з заробкаў у канвертах. Віктар судзіўся спачатку з эканамічным судом Гродзенскай вобласці ў надзеі адмяніць акты ДФР. Пазней справа стала «крыміналкай» і перайшла ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Віктара ўзялі пад варту з лютага 2022 года.
Паводле арт. 243 ч. 2 КК «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021)» і арт.424 ч. 3 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» ў траўні 2023 года яго асудзілі на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля апеляцыі ў ліпені 2023 года справа зноў з’явілася ў раскладзе судовых пасяджэнняў — верагодна, яе пачалі пераглядаць.
Чытайце таксама: Паскардзіўся на сілавікоў - атрымаў крымінальную справу. Уладальнік крамы «АвтоЗапчасти» у Гродне павінен у бюджэт $ 200 000 і паўгода судзіцца з УДФР