У ліпені 2024 года з-за рамонту на перагонах Слонім — Азярніца і Палачаны — Валожын зменяць расклад руху некаторых цягнікоў. Гэта тычыцца транспарту, які едзе праз участкі Баранавічы — Ваўкавыск і Маладзечна — Ліда, паведаміў прэс-цэнтр Беларускай чыгункі.
З-за рамонту на перагоне Слонім — Азярніца (участак Баранавічы — Ваўкавыск) з 22 па 25, з 29 па 31 ліпеня, 1, 5, 8, 12, 15, з 19 па 22, з 26 па 29 жніўня, а таксама 2, 5, 9, 12, з 16 па 19 і з 23 па 26 верасня часткова зменяць маршрут і расклад пасажырскага цягніка № 680 спалучэннем Гродна — Віцебск.
Ён будзе адпраўляцца з Гродна ў 10:36 (замест 11:59) і ехаць праз Ліду, замест Ваўкавыска. Таксама ў гэтыя дні асобныя цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа на ўчастку Баранавічы — Ваўкавыск будуць ехаць па змененым раскладзе і маршруце.
Ранішні цягнік на Мінск будзе ехаць даўжэй
З-за рамонту на перагоне Палачаны — Валожын цягнік № 630 спалучэннем Гродна — Мінск, які адпраўляецца з Гродна ў 6:44, 17 ліпеня 2024 года паедзе па змененым маршруце — праз Ліду і Баранавічы-Цэнтральныя. У Мінск ён прыедзе ў 12:03 (замест 11:20).
Цягнік № 634/633 спалучэннем Камунары — Гродна, які адпраўляецца са станцыі Камунары, 16 ліпеня паедзе па змененым раскладзе і праз станцыі Баранавічы-Цэнтральныя і Ліда.
Таксама ў гэтыя дні па змененым маршруце і раскладзе паедуць цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа Маладзечна — Ліда.
Бесперасадачныя вагоны ў Маскву адменяць
Цягнік № 732/731 Гродна — Мінск, які адпраўляецца з Гродна 16 ліпеня ў 19:48, а з Мінска 17 ліпеня ў 15:18, а таксама цягнік № 687 Мінск — Гродна, які адпраўляецца з Мінска 17 ліпеня ў 07:10, з бесперасадачнымі вагонамі Масква — Гродна (якія адпраўляюцца 16 ліпеня) адменяць.