На трасе Р-11, якая злучае Навагрудак і Бярозаўку, 26 чэрвеня адбылася аварыя. Мікрааўтобус Mercedes сутыкнуўся з возам. Пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Маршрутка сутыкнулася з возам: другое падобнае здарэнне за тыдзень у Гродзенскай вобласці
Маршрутка пасля здарэння. Крыніца: Telegram-канал: “МВД Беларуси”

Здарэнне адбылося каля 11:00 побач з паваротам на вёску Байкі. У выніку загінуў 54-гадовы мужчына, які кіраваў гужавым возам. 58-гадовага кіроўцу маршруткі і шэсць з васьмі пасажыраў даставілі ў шпіталь для агляду. 

Супраць кіроўцы маршруткі ўзбудзілі крымінальную справу па ч.2 арт.317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). 

Другое здарэнне з маршруткай у вобласці за тыдзень

У панядзелак 24 чэрвеня на трасе М-6 каля Шчучына перавярнулася маршрутка “Ліда – Гродна”. У ёй было 15 чалавек. Былі пацярпелыя, адну жанчыну шпіталізавалі.

У Мастоўскім раёне ў красавіку 2024 года маршрутка “Брэст – Гродна” ўрэзалася ў трактар. У салоне было 20 чалавек, частка з іх былі не прышпілены. У выніку здарэння пацярпелі 10 чалавек, у тым ліку дзеці.