Гродзенскія ўлады плануюць добраўпарадкоўваць гарадскія пляжы ў Гродне і пляж на Юбілейным возеры. Змяніцца выгляд і летніх душаў, і фантанчыкаў. Таксама туды паспрабуюць прыцягнуць гандаль і распаўсюдзіць пракат шэзлонгаў і парасонаў на ўсе пляжы Гродна.
Будуць разбірацца і са спартыўнымі пляцоўкамі. “Каб, сапраўды, пляжны адпачынак быў падобны да пляжнага”, – пракаментаваў планы кіраўнік гарвыканкама Андрэй Хмель у жывым эфіры на “Гродна Плюс”.
Гэтым летам на возеры Юбілейным з’явіўся пракат парасонаў, шэзлонгаў, столікаў. “Гэта проба пяра для таго, каб проста паглядзець, ці ацэняць гэта грамадзяне”, – сказаў Андрэй Хмель.
“Калі мы будзем бачыць, што гэта ўспрымаецца грамадзянамі станоўча, значыць, будзем развіваць яе паўсюдна”, – сказаў Хмель. Як хутка гэта адбудзецца, ён не ўдакладніў, але сказаў, што пакуль паслуга карыстаецца поспехам.
Зараз пракат працуе з пятніцы па нядзелю з 10:00 да 22:00. Шэзлонг каштуе 1,80 руб. за першыя 2 гадзіны, далей – 0,90 руб. за кожную дадатковую гадзіну. Парасон – 1,50 руб. і 0,70 руб., стол – 0,90 і 0,40 адпаведна. Шэзлонгі і парасон можна арандаваць і камплектам, у такім выпадку столік дадуць бясплатна.
Чытайце таксама: Пакупацца і не атрымаць штраф: карта дазволеных пляжаў у Гродне і Гродзенскай вобласці 2024



