У Гродне ашукалі 62-гадовага гульца ў Hamster Kombat. Ён хацеў зарабіць грошы, але пазбавіўся 1605 рублёў, паведаміў тэлеканал “Гродна Плюс”.

Hamster Kombat – гэта гульня ў Telegram, у якой гульцы могуць зарабляць віртуальныя токены, выконваючы розныя заданні і місіі. Гульня ўключае элементы навучання ў сферы крыптовалюты і блокчэйн-тэхналогій.
Пацярпелы хацеў набыць гульнявыя манеты. У адным з чат-ботаў у Telegram прапанавалі такую магчымасць. Мужчына напісаў, што хоча набыць 300 манет. Яму адказалі, што мінімальны аб’ём – 500 токенаў.
Мужчына набыў 500 токенаў за больш чым 1600 рублёў. Пасля гэтага махляры напісалі, што 500 гэта мала і можна набыць мінімум 800. Калі мужчына не пагадзіўся і запатрабаваў вярнуць грошы, махляры перасталі адказваць і выдалілі перапіску.
Не адзінае махлярства з “хамякамі” у Гродне
Ахвярай ашуканцаў стала і 26-гадовая гродзенка, якая гуляла ў Hamster Kombat. Жанчына знайшла ў Telegram рэкламу, праз якую нібыта праводзілі конкурс, звязаны з гульнёй. Яна прайшла па спасылцы і запоўніла анкету для ўдзелу ў “конкурсе”.
Праз нейкі час з жанчынай звязаўся карыстальнік пад нікам @ADEL_OFIC і паведаміў, што яна “выйграла” 200 тыс. расійскіх рублёў ($ 2,2 тыс.). Каб іх атрымаць, яна быццам бы павінна заплаціць камісію ў памеры 100 беларускіх рублёў, якую потым вернуць разам з выйгрышам. Ні камісіі, ні “прыза” яна так і не ўбачыла.
Чытайце таксама: Беларуска за 500 рублёў зняла псуту і ацаліла. Гэта палічылі махлярствам


