Сярэдні кошт жылля ў Гродне працягвае расці. За апошні год цэны на кватэры ў Гродне выраслі на 3,7%, а з пачатку 2024 года – на 3,8%.

Сярэдні кошт жылля ў Гродне ў траўні вырас на 0,6% з $819 да $824 за квадратны метр, а ў нацыянальнай валюце знізіўся з 2666 да 2642 руб., заўважыў сайт “Жилищный баланс”, прааналізаваўшы аб’явы на сайтах нерухомасці. Курс долара за месяц знізіўся (цэны пералічаны па курсе Нацбанка на 1 траўня $1=3,255 руб. і на 1 чэрвеня $1=3,2059 руб.). У траўні 2023 года сярэдні кошт «квадрата» складаў $795, у пачатку 2024 года – $794.

У сярэднім кватэры ў Гродне каштуюць:

  • 1-пакаёвыя – $ 35 тыс.;
  • 2-пакаёвыя – $40,5 тыс.;
  • 3-пакаёвыя – $47 тыс.

У траўні ў Гродне прадалі 295 кватэр (уключна з долямі і кватэрамі, прададзенымі па долях). З іх большасць – двухпакаёвыя (133 кватэры ці 45%), 54 – аднапакаёвыя (18%), і 108 – трох- і больш пакаёвыя кватэры (37%). У параўнанні з красавіком, у траўні прадалі на 10% кватэр больш. 25-40% кватэр прадаецца ад дзяржаўнага забудоўшчыка “Гроднажылбуд”. Іх у разліку сярэдняй цаны квадратнага метра не ўлічвалі.

Якія кошты на другасным рынку

На другасным рынку жытла сярэдні кошт аднаго квадратнага метра ў Гродне ў траўні склаў $746 (2 392 руб. па курсе Нацбанка на 1 чэрвеня). У параўнанні з красавіком ($740) кошт вырас на 0,8%.

Кошт квадратнага метра ў аднапакаёвых кватэрах у Гродне на 13,5% вышэйшы за сярэдні і складае $847 (2 715 руб.). Кошт двухпакаёвых кватэр блізкая да сярэдняй – $ 755. У трохпакаёвых кватэрах квадратны метр каштуе на 9,2% ніжэй за сярэдні, усяго $688 (2206 руб.).

Самымі дарагімі ў траўні сталі дзве кватэры па 120 квадратных метраў кожная: свабоднай планіроўкі на Старамалышчынскай, 87 за $95 тыс., і чатырохпакаёвая на Будзёнага, 30 за $96,4 тыс.

Кватэры ў Брэсце абганяюць, у Віцебску недацягваюць

У іншых гарадах Беларусі таксама захоўваецца тэндэнцыя росту коштаў на нерухомасць. Так, у Брэсце за травень цана падрасла на 1,2%, да $936 за квадратны метр. За год цана кватэр у Брэсце вырасла на 12,1%, а з пачатку 2024 года – на 7,2%.

У Віцебску цэны на кватэры падраслі ўпершыню за 9 месяцаў. Кошт квадратнага метра за травень вырас на 0,5% і склаў $743. За апошнія 12 месяцаў кватэры ў Віцебску падаражэлі на 5,4%. З пачатку 2024 года кошты выраслі ўсяго на 0,5%.

У Магілёве сярэдні кошт квадратнага метра жылой нерухомасці ў траўні вырас на 0,9% – да $801. За год цэны на кватэры ў Магілёве выраслі на 13%, а з пачатку 2024 года – на 4,2%.

У Гомелі сярэдняя цана ў доларах вырасла на 1,7%, да $796 за квадратны метр. За год кватэры ў Гомелі выраслі ў кошце на 13,4%, з пачатку 2024 года – на 7,3%.

Толькі ў Мінску сярэдняя цана за квадратны метр у доларах у траўні не змянілася. Яна складае $1408. За апошнія 12 месяцаў кватэры ў Менску падаражэлі на 6,3%, а з пачатку 2024 года – на 1,2%.

Чытайце таксама: «З добрай энергетыкай». У Гродне можна набыць кватэру, у якой жыў Васіль Быкаў