Беспрацоўнага гродзенца аштрафавалі за татуіроўку са свастыкай. У Маскве завочна арыштавалі Паўла Шурмея – ураджэнца Ліды, які ваюе ў ВСУ. У Лідзе на два гады “хатняй хіміі” асудзілі пенсіянерку. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 3 па 9 чэрвеня.

Суды за “экстрэмізм”

Аб 16 судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Гродне, Лідзе і Навагрудку. Сярод іншых, на 15 сутак арыштавалі пенсіянерку і аштрафавалі бацьку-адзіночку.

Штраф за татуіроўку свастыкі

Беспрацоўны гродзенец паказаў татуіроўку з эмблемай свастыкі, сімвала Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі. Па ч. 1 арт. 19. 10 КаАП “Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі” 18 траўня ў судзе Ленінскага раёна Гродна яго аштрафавалі на 10 базавых велічынь (400 рублёў) без канфіскацыі. Хлопец віну не прызнаў і ў суд не прыйшоў.

Жыхара Слоніма асудзілі за каментары

Суд Дзятлаўскага раёна 30 траўня асудзіў жыхара Слоніма Дзмітрыя Данільчыка за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) на два гады калоніі і штраф у 100 базавых велічынь. Справу разглядаў суддзя Сяргей Сёмуха.

Данільчык размяшчаў у “экстрэмісцкіх” чатах Telegram і ў чатах YouTube абразы Лукашэнкі, якія прыніжаюць яго гонар, годнасць асобы і аўтарытэт. Ён жа з лютага 2022 года да ліпеня 2023 года публікаваў непрыстойныя і зневажальныя паведамленні і каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, паведамляе “Вясна”.

Данільчыка затрымалі ў Слоніме ў жніўні 2023 года і спачатку арыштавалі на 15 сутак.

Дзмітрый Данільчык.
Дзмітрый Данільчык. Фота: “Вясна”

Завочна арыштавалі лідчаніна ў ВСУ

Басманны суд Масквы завочна арыштаваў Паўла Шурмея – ураджэнца Ліды, які ваюе ў ВСУ.

Павел Шурмей – беларускі вясляр і ўдзельнік Алімпійскіх гульняў, які пабіў некалькі сусветных рэкордаў на вяслярным трэнажоры.

З сакавіка 2022 года ён ваюе ва Украіне на баку ВСУ. У Беларусі ў дачыненні да яго распачалі завочную крымінальную справу за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні.

Павел Шурмей.
Павел Шурмей. Фота: МУС

У Лідзе на два дамы “хатняй хіміі” асудзілі пенсіянерку

Верагодна, гэта Таццяна Чэкель. Будучы п’янай, яна каля 22.30 выклікала міліцыянтаў, таму што ў яе знік тэлефон. Пазней пачала з імі канфліктаваць і выказала фразу з негатыўнай ацэнкай і абразай Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Telegram-канал “Право имеют”.

Таццяна прызнала віну. Супраць яе сведчыў яе сужыцель. Ён сказаў, што чуў абразы на адрас міліцыянтаў і Лукашэнкі. Таксама абраза ёсць на відэарэгістратары міліцыі.

Прысуд па ч. 1 арт. 368 КК вынеслі 21 траўня ў судзе Лідскага раёна. Таксама Таццяну будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.

У Гродне асудзілі сям’ю фермераў Станеўскіх

Арцём Станеўскі – кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Дзюрма”, Аксана Станеўская – ІП. Мужчыну ўтрымлівалі пад вартай, жанчыну – пад хатнім арыштам.

Па матэрыялах справы, яны прыехалі ў цэнтр Гродна на акцыю пратэсту – мяркуючы па яе апісанні, 6 верасня 2020 года. Па вул. Стэфана Баторыя яны ішлі па праезнай частцы і пешаходных дарожках, нібыта перашкаджаючы руху транспарту і праходу людзей. А пазней – выстраіўшыся ў “счэпку”, перагарадзілі падыходы да будынка і частку тратуара, паведамляе Telegram-канал “Право имеют”.

Пазней яны пайшлі да пр-ту Янкі Купалы і блакавалі рух счэпкай. Гэтым яны нібыта прынеслі шкоду Аўтобуснаму парку Гродна і Гродзенскаму тралейбуснаму кіраванню. Па некаторых доказах, у сям’і была БЧБ-атрыбутыка.

Прысуд па ч. 1 арт.342 КК вынеслі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Абвінавачаныя прызналі віну. Арцёму прызначылі 1,5 года “хіміі”, Аксане – 1,5 года “хатняй хіміі”. Сям’ю вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Шалік і заплечнік (магчыма, менавіта яны былі з сімволікай) – пакінулі сям’і.

У Бярозаўцы затрымалі Гражыну Гетка

Затрыманне прайшло 5 чэрвеня, піша Telegram-канал “Задержания, суды в Лиде”. Яна была назіральніцай на выбарах-2020. Раней яна адбыла як мінімум 25 сутак арышту.

Гражына Гетко.
Гражына Гетко. Фота: “Задержания суды в Лиде”

Новыя “экстрэмісты”

Мікіта Дзяніс Сяргеевіч са Свіслачы, Пелеш Аляксандр Аляксандравіч з Гродна 7 чэрвеня папоўнілі спіс “экстрэмістаў”.

Палітвязня Дзяніса Івашына змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак

На 10 сутак у ШІЗА Дзяніса змясцілі 21 траўня, напісаў Вітаўт Сіўчык. Фармальна – за непадпарадкаванне адміністрацыі. “Насамрэч палітзьняволенага журналіста спрабавалі перавесьці ў іншую камэру, дзе, зь вялікай імавернасьцю, знаходзіўся чалавек “зь нізкім статусам”. Дзяніс адмовіўся туды заходзіць”, – напісаў Сіўчык.

31 траўня скончыўся тэрмін пакарання, але блізкія дагэтуль не атрымалі ад яго лістоў. Верагодна, тэрмін працягнулі.

Дзяніс Івашын. Фота: novychas.by
Дзяніс Івашын. Фота: novychas.by