Былога палітвязня з Гродна Андрэя Сцепаненку аштрафавалі. У Гродне супрацоўнікі ІСН зацікавіліся 17-гадовым студэнтам. Супраць двух гродзенак пачалі спецвытворчасць — будуць судзіць журналістку і жонку палітвязня. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 27 траўня па 2 чэрвеня.
Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Аб дзевяці судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Лідзе, Гродне і Навагрудку. Судзілі дырэктара, праграмістаў, шматдзетную маці ў дэкрэце.
Instagram-акаўнт актывісткі Каці Румянцавай прызналі экстрэмісцкім
Суд Лідскага раёна 22 траўня прызнаў экстрэмісцкай інфармацыяй Instagram-акаўнт «kaciaberlin». Дзяўчына выступае супраць вайны ва Украіне і падтрымліваюць Грузію. Размяшчае фота з БЧБ-сцягам, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Былога палітвязня з Гродна Андрэя Сцепаненку аштрафавалі
Вядома, што Сцепаненку затрымалі на трое сутак і аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) без канфіскацыі тэлефона. Звычайна такі штраф даюць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Андрэй вызваліўся амаль год таму.
Супраць двух гродзенак пачалі спецвытворчасць
Гаспадыню сувенірнай крамы «Адметнасць» Вольгу Верамеенка і журналістку, жонку палітвязня Паўла Мажэйку Ірыну Чарняўка абвінавачваюць па артж 361−4 ч. 1 і 2 — за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Абвінавачаныя некалькі гадоў таму з’ехалі з Беларусі і жывуць у Польшчы. У пасце з абвінавачваннямі сілавікі прапануюць гродзенкам прыйсці ў Следчы камітэт.
Паўла Лукашэвіча асудзілі на чатыры гады калоніі
27 траўня жыхара Ліды Паўла Лукашэвіча прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі і 22 000 рублёў штрафу (550 базавых велічынь). Павел будзе падаваць апеляцыю, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
Яго судзілі за абразы і ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні. Паўла Лукашэвіча 27 траўня прызналі палітзняволеным.
Новыя «экстрэмісты»
Станеўская Аксана Васільеўна і Станеўскі Арцём Антонавіч з Гродна, Баркет Віктар Васільевіч з Ваўкавыска 31 траўня папоўнілі спіс «экстрэмістаў».
У Гродне супрацоўнікі ІСН зацікавіліся 17-гадовым студэнтам
Са студэнтам Гродзенскага электратэхнічнага каледжа ім. Шчаснага запісалі «пакаяльнае відэа». Ім зацікавіліся супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх.
Хлопец на відэа кажа, што зрабіў БЧБ-нашыўку. Таксама ён пакідаў каментары ў «экстрэмісцкіх» чатах — тады яму было 13 гадоў.
У Лідзе за падпіскі арыштавалі дырэктара фірмы
Дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю «ІмпульсПрофі» Аляксандр Барматаў распаўсюджваў у Instagram прадукцыю «Лида для жизни». Яго арыштавалі на 15 сутак і канфіскавалі яго iPhone 7
Зніклыя ў Гродне «палітычныя» іконы не вернуць? Замест іх з’явіліся іншыя
На месцы прыбраных з Пакроўскай катэдры ў Гродна «палітычных» ікон новапакутнікаў з’явіліся новыя. На іх тыя ж новапакутнікі, але ўжо без выявы чырвонаармейцаў, якія іх забіваюць.
Міліцыянт-правакатар, праз якога пасадзілі Ціханоўскага, дагэтуль адсуджвае кампенсацыі. Як склалася яго жыццё?
Міліцыянт Уладзімір Казлоўскі, які ўдзельнічаў у правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага ў 2020 годзе, падаў пазоў у суд для «кампенсацыі маральнай шкоды па справах гонару і годнасці». Падсудны — мінчук Міхаіл Тарасевіч, ужо асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Памерла маці загінулага палітвязня Вітольда Ашурка
Алена Міронаўна Ашурак, маці загінулага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка, памерла 27 траўня. Яна перажыла сына на тры гады. У апошнія гады здароўе Алены Ашурак пагоршыўся. Ёй было цяжка хадзіць, у тым ліку наведваць магілу сына ў Бярозаўцы. Яна памерла ва ўзросце 86 гадоў.
У Гродне затрымалі гукарэжысёра і дыджэя Аляксея Давідоўскага
Гродзенца выцягнулі з машыны на стаянцы каля рэстарана «Бакст» і завезлі ў абласное аддзяленне ГУБАЗіК. Пра затрыманне паведаміў праваабарончы канал «Право имеют» са спасылкай на канал гродзенскіх сілавікоў.