Касцёл святога айца Піа плануюць пабудаваць у Гродне ў новым мікрараёне Грандзічы на рагу вуліц Макаравай і Саяпіна. Цяпер праект храма вынеслі на грамадскія абмеркаванні.
Пабудуюць касцёл і парафіяльны дом, акультураць тэрыторыю
Малітоўная зала храма будзе разлічана на 294 чалавекі. Сцены касцёла абліцуюць чырвона-карычневай керамічнай цэглай. Вышыня вежы касцёла — 30,7 метраў, з крыжом — 34,7 метраў.
У планах, акрамя будынка касцёла, таксама парафіяльны дом, пляцоўка для адпачынку, дзве стаянкі на 12 і 14 машын.
Двухпавярховы парафіяльны дом (другі паверх — мансардны) атынкуюць і афарбуюць, частку сцен абліцуюць пад цэглу. У доме будзе закрыстыя, канцылярыя, навучальныя класы, жылыя памяшканні, кухня, пральная, пакой для харчавання, санвузлы, міні-кацельня. Парафіяльны дом будзе звязаны з касцёлам пераходнай галерэяй.
Тэрыторыю вакол касцёла азеляняць, усталююць лавачкі.
Чытайце таксама: Што за касцёл будуюць у Баранавічах?
Парафію зарэгістравалі пяць гадоў таму
Парафія святога айца Піа (вядомы італьянскі святы XX стагоддзя) з’явілася паводле рашэння гродзенскага каталіцкага біскупа Аляксандра Кашкевіча ў 2019 годзе. Яна ахоплівае мікрараён Грандзічы і бліжэйшыя вёскі. Кіруе парафіяй ксёндз Артур Малафей, які раней працаваў у парафіі на Рэпіна. Святар вядомы сваёй актыўнасцю ў спорце, у тым ліку гульнёй за футбольную каманду ксяндзоў Гродзенскай дыяцэзіі.
У 2020 годзе парафія атрымала рэліквіі айца Піа. Гэты святы — рэдкі для Беларусі заступнік. Да гродзенскіх Грандзічаў прыходы яго імя з’яўляліся толькі ў Маладзечне і Лёзне.
Калі пройдуць грамадскія абмеркаванні і дзе можна выказацца
Грамадскія абмеркаванні пройдуць з 5 па 19 чэрвеня 2024 года. Праект можна будзе ўбачыць у гэтыя дні з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00, з панядзелка па пятніцу, у вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта (плошча Тызенгаўза, 3). Тамсама 12 чэрвеня ў 15.00 у кабінеце № 1 пройдзе прэзентацыя праекта.
Чытайце таксама: Пяць слоў, якія вырашылі лёс, або чаму неабходна хадзіць на грамадскія абмеркаванні, каб захаваць Гродна
Заўвагі і прапановы па праекце прымаюцца з 5 па 19 чэрвеня 2024 у пісьмовай або электроннай форме з паметкай «грамадскае абмеркаванне» па адрасах:
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, паштовы адрас: плошча Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна. E-mail: gorisp@gorod.grodno.by.
- Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, паштовы адрас: пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна. E-mail: arhitektura@gorod.grodno.by.
- У пісьмовым выглядзе, у журнале ўліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання.
Інфармацыя аб выніках грамадскага абмеркавання павінна з’явіцца да 3 ліпеня 2024 на сайце Гродзенскага гарвыканкама.