Гродзенскі гарвыканкам адказаў гараджанам, якія збіралі подпісы за ўстаноўку помніка Васілю Быкаву ў Гродне. Адказ апублікавалі на сайце Petitions.by.
Паводле дакумента, які падпісаны намесніцай старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зояй Кулешай, «стварэнне і ўсталяванне падобных аб’ектаў нармуецца палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва».
Гэта значыць, устаноўка помнікаў гістарычным асобам не ўваходзіць у кампетэнцыі гарвыканкама. Паводле палажэння, помнікі ў абласных цэнтрах можна ставіць толькі на падставе рашэнняў аблвыканкама. Праект помніка павінен таксама атрымаць заключэнне Міністэрства культуры і прайсці ўзгадненне ў прэзідэнта. Знешні выгляд і архітэктурнае рашэнне зацвярджае рэспубліканская мастацка-экспертная рада.
Намесніца старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша традыцыйна падпісвае падобныя адказы-адпіскі на звароты гродзенцаў. Напрыклад, гэта яна адказала гараджанам, што выканкам не ведае, куды зніклі шыльды паўстанцам 1863 года і Тадэвушу Касцюшку, якія 30 гадоў віселі ў цэнтры Гродна, а потым іх раптоўна знялі.
Колькі подпісаў сабралі пад петыцыяй
У сваёй петыцыі гродзенцы збіралі подпісы пад просьбай усталяваць у Гродне помнік пісьменніку Васілю Быкаву, які жыў у горадзе з 1947 па 1949 і з 1955 па 1972 гады. Яны спасылаліся на тое, што ў «Гродне, дзе жыў і працаваў Васіль Быкаў яго імя не ўвекавечана належным чынам». Агулам пад петыцыяй падпісаўся 31 чалавек.
У гродзенскі перыяд жыцця пісьменнік напісаў творы «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Дарога дадому», «Салдацкі лёс», «Ранак-світанак», «Сваякі», «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост», «Круты бераг ракі».
Чытайце таксама: «З добрай энергетыкай». У Гродне можна набыць кватэру, у якой жыў Васіль Быкаў
Дзе ў Беларусі ўвекавечана імя Быкава
У петыцыі гродзенцы прывялі спіс, у якім акрэслілі месцы прысвечаныя Васілю Быкаву ў Беларусі.
- вуліцы Быкава ёсць у Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпале;
- на будынку Віцебскай дзіцячай мастацкай школы № 1 усталявана мемарыяльная дошка. Там з 1923 па 1941 года знаходзілася Віцебская мастацкая вучэльня, дзе з 1939 па 1940 год вучыўся Быкаў;
- у вёсцы Бычкі, дзе нарадзіўся пісьменнік, у 2004 годзе адкрылі сядзібу-музей Васіля Быкава;
- у 2014 годзе ў дачным пасёлку Ждановічы-6 адкрылі філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Музей-дача Васіля Быкава»;
- у 2020 годзе на доме па вуліцы Максіма Танка, 10 у Мінску, дзе жыў пісьменнік, усталявалі мемарыяльную дошку.
Чытайце таксама: Да 99-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцінаў пісьменніка
Не першая спроба ўвекавечыць Быкава ў Гродне
У 2004 годзе гродзенскія журналісты і актывісты прапанавалі чыноўнікам перайменаваць адну з вуліц у цэнтры Гродна і назваць яе ў гонар Васіля Быкава. Тады для перайменавання прапаноўвалі вуліцу Свярдлова альбо бульвар Ленінскага камсамола.
Тады пад гэтай прапановай падпісаліся больш за 500 чалавек. Але ў гарвыканкаме адказалі, што перайменаванне вуліцы «пакуль прыпынена», а ў Гродне ўсталююць мемарыяльную дошку Васілю Быкаву, «астатнія прапановы будуць прынятыя да ўвагі». У выніку ні мемарыяльная дошка, ні вуліца імя Быкава ў Гродне не з’явіліся.
У 2010 годзе з’явілася інфармацыя, што гарадская тапанімічная камісія прапанавала прысвоіць імя Васіля Быкава адной з вуліц у Гродне. Меркавалася, што гэтую назву атрымае завулак Паповіча. У 2014 годзе планавалася, што адну з вуліц у мікрараёне Альшанка назавуць імем пісьменніка. Але гэтыя планы так і не рэалізавалі.
Летась 19 чэрвеня будзе 100 гадавіна дня нараджэння пісьменніка. А 22 чэрвеня споўніцца 21 год, як Васіль Быкаў памёр.
Чытайце таксама: «Разгледзелі зварот з выездам на месца». Улады Гродна адказалі на пытанне, куды знікла шыльда ў гонар Касцюшкі