Плата за паўторны разгляд заявы на польскую нацыянальную візу (тып D) з 1 чэрвеня павялічыцца да € 135. Звычайная падача дакументаў на нацыянальную візу для беларусаў не падаражэе. Павышэнне цаны на звычайную падачу закране толькі грамадзян тых краін, з якімі ў Еўрасаюза няма дадатковых пагадненняў па кошту візаў.
Для грамадзян Беларусі, якія афармляюць нацыянальную візу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, памер збору застанецца ранейшым — € 35, удакладнілі ў Консульскім аддзеле Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску.
Аднак змяненне платы за паўторны разгляд заявы на нацыянальную візу датычыцца і беларусаў. На перагляд заяву аб атрыманні візы можна накіраваць, напрыклад, у выпадку адмовы першы раз. Зараз гэтая працэдура каштуе € 80.
Кошт афармлення і разгляду заяў на атрыманне шэнгенскай візы (тып C) і іх паўторнага разгляду застанецца ранейшым. Для беларусаў гэта таксама € 35.
Хто можа атрымаць нацыянальную візу бясплатна
Нацыянальная віза тыпу D даецца максімальна на тэрмін аднаго года. Яна дае права на бесперапыннае знаходжанне на тэрыторыі Польшчы цягам года, у іншых краінах Шэнгена — не больш за тры месяцы на працягу паўгода. Да нацыянальных візаў адносяцца візы па «карце паляка», а таксама працоўныя, студэнцкія, гуманітарныя; нацыянальнымі могуць быць культурныя і спартовыя візы.
Ад збору за візу вызваляюцца:
- асобы, якія прадставілі дакументы з пацвярджэннем неабходнасці іх паездкі з гуманітарных меркаванняў;
- дзеці да 18 гадоў;
- людзі, якія ўдзельнічаюць у навуковай, акадэмічнай, культурнай і мастацкай дзейнасці, у тым ліку ўніверсітэцкія і іншыя праграмы абмену;
- студэнты, аспіранты і суправаджаючыя іх выкладчыкі,
- тыя, хто падарожнічае з мэтай навучання ці стажыроўкі, у тым ліку ў рамках праграм абмену і іншых школьных мерапрыемстваў;
- удзельнікі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў і асобы, якія суправаджаюць іх у прафесійных мэтах;
- удзельнікі афіцыйных праграм абмену, арганізаваных гарадамі-партнёрамі і іншымі гарадскімі ўтварэннямі;
- прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія вандруюць з мэтай навучання, семінараў і канферэнцый, у тым ліку праграмы абмену;
- удзельнікі афіцыйных праграм прыгранічнага супрацоўніцтва Беларусі і ЕС;
- інваліды і пры неабходнасці асобы, якія іх суправаджаюць;
- асобы, якія падаюць заяву на атрыманне візы на падставе «карты паляка»;
- муж грамадзянкі ці жонка грамадзяніна Польшчы, іх непаўналетнія дзеці або непаўналетнія дзеці іх мужа ці жонкі, іх бацькі або бацькі мужа ці жонкі, калі бацькі знаходзіцца на ўтрыманні грамадзяніна, грамадзянкі Польшчы або іх мужа ці жонкі.
Чытайце таксама: У Гродне найчасцей адмаўляюць у польскіх візах. Якая сітуацыя з «шэнгенам» для беларусаў?
Як мянялася цана на візы
Апошні раз польскія нацыянальныя візы даражэлі ў 2019 — да € 80. Але для беларусаў польскі бок рэгулярна адмяняў ці памяншаў аплату. Напрыклад, пасля падаўлення пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года МЗС Польшчы адмяніла візавыя зборы для беларусаў. Потым гэтую адмену працягвалі ў 2015, 2020 і 2022 гадах. З 1 студзеня 2023 года польская нацыянальная віза для беларусаў каштуе € 35.
Чытайце таксама: Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?