У Гродне двух мужчын асудзілі за тэракты, якія нібыта курыравалі спецслужбы Украіны. На мяжы з Літвой затрымалі беларуса, які ўцякаў ад “справы Зельцара”. Пенсіянера Васіля Дземідовіча судзяць восьмы раз. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 20 па 26 траўня.
Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Аб 48 судовых рашэнняў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Воранаве, Лідзе, Мастах, Навагрудку, Гродне, Ашмянах, Астраўцы, Смаргоні, Іўі. Сярод іншых судзілі маці ў дэкрэце і маці дзіцяці з інваліднасцю.
Пенсіянера Васіля Дземідовіча судзяць восьмы раз
Ён абвінавачваецца ў арт. 369 КК “Абраза прадстаўніка ўлады” і арт. 391 КК “Абраза суддзі”. Справу будзе разгледзеў суддзя Алег Лагачоў 20 траўня ў Крупках.
Гэта ўжо восьмы суд над пенсіянерам. Усяго яго асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць амаль два гады, паведамляе “Вясна”.

На мяжы з Літвой затрымалі беларуса, які ўцякаў ад “справы Зельцара”
Памежнікі 21 траўня затрымалі беларуса, які хацеў незаконна трапіць у Літву, і яго кіроўцу.
Мужчына ў 2021 годзе напісаў каментары, у якіх было “адабрэнне” забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. З лютага 2024 года ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку як падазраваны па крымінальнай справе па ч.1 арт. 130 КК за распальванне варожасці.
Кіроўца ў 2020 годзе прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у пратэстах. За дастаўку да мяжы яму абяцалі заплаціць “беларусы з-за мяжы”, сцвярджаюць памежнікі.


Новая экстрэмісцкая інфармацыя
- Чат-бот “@HrodnaPravoBot” прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі суд Цэнтральнага раёна Мінска 8 траўня 2024 года.
- Instagram-акаўнт “decoder_org”,
- TikTok-акаўнт “lukafakeit” і яго лагатып прызнаў экстрэмісцкімі суд Лідскага раёна 20 траўня.
Новыя “экстрэмісты”
Каберда Павел Аляксандравіч з Гродна, Падліпенцаў Іван Паўлавіч з Мастоў 24 траўня папоўнілі “спіс экстрэмістаў”.
Новыя палітвязні
Двух жыхароў Гродзенскай вобласці на мінулым тыдні прызналі палітзняволенымі:
- Юрыя Валчкевіча з Гродна – яго асудзілі паводле арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі на год калоніі,
- Дзяніса Мікіту са Свіслачы – яго асудзілі паводле арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі на тры гады калоніі.
У Гродне двух мужчын асудзілі за тэракты, якія нібыта курыравалі спецслужбы Украіны
Вадзіма Пацэнку і Аляксея Кулікова асудзілі на 21 і 23 гады пазбаўлення волі. Іх абвінавацілі ў тым, што яны нібыта аб’ядналіся ў “ўстойлівую групу для сумеснай злачыннай дзейнасці”. Іх судзілі па пяці артыкулах КК, уключаючы тэрарызм і агентурную дзейнасць, піша Telegram-канал “Право имеют”.
Мужчын затрымалі зімой 2023 года ў Гродне. Іх назвалі “ўкраінскімі дыверсантамі” і абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнай атакі на нафтабазу і консульства Расіі.
Апошняе слова Кулікоў вымавіў па-ўкраінску, а Пацэнка заявіў “аб наяўнасці ў яго дзеяннях палітычнай падаплёкі”, паведамляюць праўладныя Telegram-каналы.


Гродзенца аштрафавалі за татуіроўку «А.С.А.В»
Упакоўшчык адной з фірмаў у Гродне выйшаў з дому ў 13.20 і «прадэманстраваў» на левай руцэ татуіроўку «А.С.А.В». Гэта палічылі распаўсюдам экстрэмісцкай інфармацыі. Мужчыну судзілі паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП.
У Гродне масава судзяць за падпіску на групу навін ВКонтакте на 26 тысяч чалавек
У Гродне ўжо некалькі месяцаў затрымліваюць і судзяць за падпіску на паблік «Новости Гродно | Grodno.news». Суполка існуе з 2013 года, на яе падпісана 26 тыс. чалавек. У ёй публікуюцца навіны Гродна і рэгіёна, а таксама беларускай эміграцыі.


