Кавярню “Тэмпл” адкрылі 22 траўня на Маставой, 31 у Гродне. Наведвальнікі могуць самі выбраць зерне, напрыклад, з Танзаніі. Таксама ў меню ёсць сняданкі.

Кафэ "Тэмпл" у Гродне. Маставая, 31.
Кавярня “Тэмпл” у Гродне. Крыніца: newgrodno.by

У меню ёсць аўтарскія варыянты напояў: капучына з хатняй карамеллю, ванільны персікавы латэ, раф з гімалайскай соллю або мускатны цытрус. Увечары госці кавярні могуць выпіць не толькі каву, але і папулярныя кактэйлі, аўтарскія напоі, сідр. 

“Мы ствараем месца пра каву і эмоцыі. Праз смак, разнастайнасць гатункаў, рэцэптаў і тэхналогій заварвання”, — напісалі на старонцы кавярні ў Instagram.

Кававае зерне «Тэмпл» закупляе ў мінскай фірмы “Manufactura”, якая займаецца пражаннем кавы з 2014 года.

Ёсць гамак і лежакі

Кафэ знаходзіцца на цокальным паверсе будынка. У гэтым памяшканні раней працаваў бар “Молодость”.

Часткова захаваўся інтэр’ер ранейшай установы, але дадаліся жоўтыя колеры. Таксама з’явіліся вялікія люстэркі для сэлфі (“як у Pinterest”) і “экзатычныя” малюнкі на сценах у стылі “наіўнага мастацтва”. На вуліцы ля кавярні ёсць летняя пляцоўка са столікамі, навесам ад сонца, лежакамі, гамаком і нават невялікай каруселлю. Ёсць і другая пляцоўка – ва ўнутраным дворыку.

Час працы кавярні “Тэмпл”:

панядзелак – чацвер, нядзеля – 8.00 – 23.00

пятніца – субота – 8.00 – 00.00

Якія цэны ў кавярні “Тэмпл”?

Цэны на каву пачынаюцца ад 3 рублёў.

  • Капучына:
    • 180 мл – 5 рублёў,
    • 300 мл – 7 рублёў,
  • Латэ:
    • 200 мл – 5 рублёў,
    • 300 мл цэны – 7 рублёў,
  • Фільтр-кава – 6 рублёў,
  • Кедравы капучына – ад 6,5 да 8,5 рублёў,
  • Раф з гімалайскай соллю – 6,5 рублёў.

Таксама ў меню ёсць крафтавая гарбата. 

Не толькі выпіць кавы, але і паўнавартасна паесці

У кавярні два меню: першае – з 8.00 да 16.00, другое – з 16.00 да 22.30. Там ёсць стартары, салаты, супы, сняданкі, паста, бургеры, панкейкі і сырнікі.  Тартар па-азіяцку з ялавічынай, малінавым лукам і вустрычным соусам каштуе 18 рублёў, панкейкі са слабасалёным ласосем, вяршковым мусам і зелянінай 14 рублёў, міндальныя крэветкі тэмпура з малінавай сальсай 20 рублёў, французскі тост на вяршковай брыёшы з белай рыбай, рукалай, марынаваным агурком, соусам цэзар і тартар 12 руб, а бургер “Джым Бім” з бурбонам, двума ялавічнымі катлетамі, беконам і ананасам 20 рублёў.

Чытайце таксама: Жывая музыка ў Гродне: у якіх барах, кафэ і рэстаранах можна яе пачуць?